36 с.
Адносіны да мовы тытульнай нацыі — беларускае мовы — у нашай краіне
проста ўнікальныя. Беларуская мова ня толькі не зазнае пільнага
клопату з боку дзяржавы (як ва ўсіх іншых дзяржавах сьвету, нават
такіх, як Францыя або Расея, дзе нацыянальным мовам, здаецца,
анічога не пагражае), але, наадварот, у нас робіцца ўсё магчымае і
немагчымае для яе прыніжэньня, выцясьненьня і, урэшце, ці ня
поўнага вынішчэньня. Для гэтага праводзіўся рэфэрэндум, зьмяняўся
Закон аб мовах, беларуская мова выцясьнялася і выцясьняецца з
афіцыйнага ўжытку, сыстэмы адукацыі і выхаваньня, сродкаў масавай
інфармацыі. Ствараецца ўражаньне, што ўлады нашай краіны,
карыстаюцца сваімі паўнамоцтвамі і ўсяляк стараюцца пазбавіць яе
асноўных нацыянальных каштоўнасьцяў, галоўных падстаў яе
незалежнага існаваньня, каб у выніку ліквідаваць і самую дзяржаву,
якой ім даверыў кіраваць народ. І ўсё гэта ў нашай краіне робіцца
пад прыкрыцьцём нібыта грамадзкае думкі — мэтанакіравана выхаваных
адносінаў да роднай мовы, як непаўнавартаснай, архаічнай,
нераспрацаванай, дзеравенскай, адсталай, неінтэлігентнай і г.д. З
дапамогай сродкаў масавай інфармацыі ўводзяцца і распаўсюджваюцца
такія міталягічныя паняцьці і ўяўленьні, нават фармулёўкі, як:
беларускую мову нельга навязваць, якая розьніца, на якой мове
гаварыць, на беларускай мове нельга выказаць нічога вялікага, нават
— фашысцкая мова, і ўсялякая падобная лухта — замест павагі і
любові да галоўнай каштоўнасьці беларускага народу. Тым ня менш, у
нашай краіне зьяўляецца ўсё больш людзей, якія валодаюць роднай
мовай, разумеюць яе значэньне і штодня карыстаюцца ёю ў сваім
жыцьці. Гэтая дыскусія — адна з магчымасьцяў даць слова такім
людзям, каб яны падзяліліся сваім уласным вопытам карыстаньня
беларускай мовай, сваімі ўражаньнямі, думкамі і пачуцьцямі,
зьвязанымі зь ёю. Паслухаем жа, бо і гэта — голас народу, vox
populі. Тэма дыскусіі: Што дае мне Беларуская Мова?