§ 5. Рэспубліка Беларусь на шляху рыначных рэформ. Асаблівасці
беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця
Сутнасць рынку. Навуковай тэорыі рынку, адзінага агульнапрынятага яго
вызначэння ў літаратуры не існуе. Разглядаюцца найпрасцейшыя з’явы
рыначнай эканомікі: роўнасць попыту і прапановы, залішняга попыту і
недастатковай прапановы і г. д. Мала хто разумее, што нецывілізаваны,
грабежніцкі, гангстэрска-мафіёзны рынак – гэта хаос і выпадковасць, вялікі
базар, дзе ўсё прадаецца і купляецца (у гэтым сэнсе рынак заўсёды існаваў).
Іншая справа – цывілізаваны, рэгуляваны дзяржавай, сацыяльна арыентаваны
рынак. Каб такі рынак усталяваць, дзяржава і манаполіі павінны быць багатымі,
мець вялікія таварныя запасы і грошы, што бывае рэдка. Не выпадкова, што
найбольш пацярпеўшыя ў Другой сусветнай вайне краіны Заходняй Еўропы і
Японія для аднаўлення сваіх эканомік ажыццяўлялі цэнтралізаваныя праграмы і
толькі пасля дасягнення раўнавагі попыту і прапановы пераходзілі да ўвядзення
рыначных механізмаў.
Рынак павінен быць рэгулятарам і стымулятарам вытворчасці і
спажывання, сродкам дасягнення грамадскіх мэт – умацавання магутнасці
Айчыны, павышэння ўзроўню жыцця народа. Ёсць іншая, палітыка-эканамічная
матывацыя: рынак – сродак капіталізацыі эканомікі, стварэння буржуазіі,
аднаўлення капіталізму ў краіне. Першы падыход да рынку можна лічыць
агульнацывілізаваным, другі – класавым. Яны з’яўляюцца сродкам для
сапраўднага разумення і прызнання рыначнай эканомікі, тут праходзіць
водападзел паміж яе прыхільнікамі і праціўнікамі. Супраць
агульнацывілізаванага разумення рынку ніхто не выступае, барацьба ідзе вакол
капіталізацыі эканомікі і грамадства ў цэлым.
Рынак узнікае як вынік высокай цывілізаванасці, культуры,
прадукцыйнасці працы, а не як іх перадумова. Вось чаму краінам Захаду
спатрэбіліся стагоддзі, каб сфарміраваць сістэму больш ці менш цывілізаваных
рыначных адносін на капіталістычнай аснове, вырасціць сучаснага
прадпрымальніка, забяспечыць сацыяльную стабільнасць. Рыначная эканоміка
функцыяніруе амаль ва ўсіх краінах, але штогод ад голаду ці звязаных з ім
прычын у свеце памірае каля 20 млн. чалавек, а не менш 435 млн. чалавек на
Зямлі пакутуюць ад розных стадый і форм голаду. Значыць, сама па сабе
рыначная эканоміка не забяспечвае высокі ўзровень жыцця людзей.
Настаў час сказаць праўду і развеяць створаныя ў гады перабудовы міфы
аб тым, быццам рынак па сваёй прыродзе з’яўляецца гуманным, садзейнічае
росквіту эканомікі, забяспечвае людзям багацце і шчасце. Жыццё паказвае, што
рынак як атрыбут ліберальна-буржуазнай мадэлі развіцця грамадства
з’яўляецца агрэсіўным і амаральным па сваёй сутнасці. Яго галоўная задача –
атрыманне прыбытку любымі сродкамі і перш-наперш шляхам зману, гвалту і
грабяжу. Справа ў тым, што прыбытак ўзнікае тады, калі адзін з канкурэнтаў
ведае аб становішчы на рынку больш за другога. Калі ж гэтае становішча
вядомы аднолькава ўсім, рыначная эканоміка перастае функцыянаваць, бо няма