імкнуліся па магчымасці ярчэй перадаць аптымістычны настрой свайго
сучасніка.
Прыкладна з 1953 г. у беларускай літаратуры, як і ва ўсесаюзнай,
намеціліся новыя тэндэнцыі, звязаныя з актывізацыяй грамадскага жыцця.
Пачаўся працэс пераадолення апісальнасці, заглыблення ва ўнутраны свет
герояў, у сутнасць канфліктаў пасляваеннай эпохі. У пісьменніцкім асяроддзі
разгарнулася дыскусія аб месцы пісьменніка ў жыцці грамадства, аб
неабходнасці перагляду ўсталяваных у літаратуры канцэпцый
бесканфліктнасці. На першы план паступова вылучаюцца агульначалавечыя
маральна-этычныя каштоўнасці, барацьба за маральную чысціню і светлае ў
чалавеку. Яскрава гэта праявілася ў аповесці Я. Брыля “На Быстранцы” і
асабліва ў рамане І. Шамякіна “Крыніцы”.
У першай палове 60-х гг. у выніку ўнутранага ідэйна-мастацкага
ўзбагачэння беларуская проза прыйшла да значных здабыткаў. З’яўляюцца
раманы: “Людзі на балоце” І. Мележа, “Птушкі і гнёзды” Я. Брыля, “Сэрца на
далоні” І. Шамякіна, “Сасна пры дарозе” І. Навуменкі, “На парозе будучыні”
М. Лобана, “Засценак Малінаўка” А. Чарнышэвіча. У. Караткевіч адкрыў
чытачу паэзію і філасофію гісторыі (“Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак
Альшанскі”), а В. Быкаў – з пазіцый гуманізму і антымілітарызму аналізуе і
асэнсоўвае чалавека на вайне (“Жураўліны крык”, “Сотнікаў”, “Воўчая зграя” і
іншыя аповесці).
Пільная ўвага да маральна-этычных праблем сучаснасці, да вобраза
сучасніка, да ўзаемаадносін навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і лёсу чалавека
асабліва характэрна для І. Шамякіна – яго раманы “Атланты і карыятыды”
(1974), “Вазьму твой боль” (1978), І. Пташнікава – “Мсціжы” (1972),
В. Адамчыка “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы” (1983).
Вельмі плённымі для беларускай драматургіі былі канец 60-х – 70-я гады,
калі быў створаны шэраг п’ес, якім было суджана стаць літаратурнай класікай.
Менавіта ў гэты час тэатральная грамадскасць нашай рэспублікі і іншых
рэспублік былога СССР пазнаёмілася з арыгінальнымі п’есамі “Брама
неўміручасці” К. Крапівы, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, “Таблетку пад
язык”, “Кашмар” (“Святая прастата”) А. Макаёнка, “Вечар”, “Парог”
А. Дударава”, “Соль”, “Трывога” А. Петрашкевіча, з новымі творамі
М. Матукоўскага, К. Губарэвіча, У. Караткевіча, А. Дзялендзіка і многіх іншых.
Вялікі ўклад у развіццё беларускага тэатра зрабілі рэжысёры Б. Луцэнка, В.
Мазынскі, В. Раеўскі, акцёры З. Браварская, А. Клімава, Г. Макарава, С.
Станюта, З. Стома, В. Тарасаў, Ф. Шмакаў, Г. Глебаў, Р. Ржэцкая, У.
Дзядзюшка, Н. Радзялоўская, Р. Янкоўскі, М. Яроменка. Кадры акцёраў,
рэжысёраў, сцэнографаў, тэатразнаўцаў рыхтаваў усе гэтыя гады Беларускі
дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
З існаваўшых да 1985 г. 17 тэатраў 9 былі драматычных, 6 лялечных, 2
музычныя. Велізарную ролю ў культурным жыцці рэспублікі іграў Вялікі тэатр
оперы і балету. Тут працавалі таленавітыя артысты Л. Александроўская,