У 4 – 3 тысячагоддзі да н.э. пачалася міграцыя праіндаеўрапейцаў са сваёй
прарадзімы. Гэта было абумоўлена бурным развіццём земляробства і
жывёлагадоўлі, павелічэннем працягласці жыцця, шчыльнасці і колькасці
насельніцтва, перанаселенасцю праіндаеўрапейскімі плямёнамі іх прарадзімы і
неабходнасцю асваення новых тэрыторый. Міграцыя індаеўрапейцаў
адбывалася на працягу тысячагоддзяў.
Рухаючыся на захад, праіндаеўрапейцы прайшлі Малую Азію, выйшлі да
Эгейскага мора, засялілі Балканы, якія з’явіліся адным з накірункаў іх міграцыі.
Частка праіндаеўрапейцаў абагнула Чорнае мора, прайшла праз тэрыторыю
сучасных Балгарыі, Румыніі і Малдавіі, пасялілася на Правабярэжнай Украіне.
Пазней праіндаеўрапейцы праніклі на Каўказ.
Частка праіндаеўрапейцаў рухалася на ўсход на тэрыторыю сучасных Кітая
і Індыі. Асобная іх група павярнула на поўнач, у Сярэднюю Азію, прайшла
паміж Каспійскім і Аральскім морамі, апынулася ў прыволжскіх стэпах і
працягвала рух на захад, у Паўночнае Прычарнамор’е. Гэты магутны
міграцыйны паток стаў крыніцай рассялення праіндаеўрапейцаў у Еўропе,
у тым ліку і ў Беларусі.
Пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам індаеўрапейцы, якія знаходзіліся
на больш высокай ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця (прынеслі з сабой
земляробства і жывёлагадоўлю, кола і калёсны транспарт, пахаванне ў
курганах, патрыярхат і інш.), перамагалі яго і асімілявалі. Выключэннем было
насельніцтва Індыі і Кітая, якое асімілявала індаеўрапейцаў, за выключэннем
невялікай групы арыяў на тэрыторыі Індыі.
З Паўднёва-Усходняй Еўропы і Паўночнага Прычарнамор’я індаеўрапейцы
працягвалі міграцыю ў двух накірунках: першы – на захад і паўночны захад,
у Заходнюю Еўропу, другі – на поўнач, у Сярэднюю і Паўночную Еўропу. На
вялікай тэрыторыі, якая ахоплівала басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны,
Верхняга Падняпроўя, у выніку асіміляцыі мясцовага неалітычнага
насельніцтва індаеўрапейцамі сфарміраваўся новы этнас – балты (літоўцы,
латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы і інш.). Пачаўся балцкі этап
індаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі, які храналагічна
супадае з эпохай металу (3 – 2 тыс. гадоў да н.э. – ІV – V стст. н.э.). Балты
жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі да прыходу сюды славян.
З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад
насельніцтва Беларусі, але змянілася і эпоха. Каменны век уступіў месца
бронзаваму веку (3 – 2 тыс. гг. да н.э. – 1 тыс. гг. да н.э.). Старажытная
эканоміка, заснаваная на паляванні, збіральніцтве і рыбнай лоўлі, паступова
замянялася земляробствам і жывёлагадоўляй. Індаеўрапейцы пакланяліся агню
і сонцу, прычым агонь атаясамліваўся з ачышчальнай сілай, з ім асацыіраваўся
чырвоны колер. Асноўным тыпам пасяленняў былі ўмацаваныя гарадзішчы,
якіх на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 1 тыс. Агульная колькасць
насельніцтва ў бронзавым веку магла быць ад 50 да 75 тыс. чалавек.