пераломны момант гісторыі. Праз усе часткі паэмы праходзіць тэма Радзімы,
а зубр выступае як алегарычны вобраз роднага краю.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва.
На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага
мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя
дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае
распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны з
Заходняй Еўропы. Найбольш тыповыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай
вышынёй, стромкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стрэльчатымі
парталамі і вокнамі з каляровымі вітражамі, высокімі вежамі.
Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі
збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адміністрацыйнымі,
палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі
будавацца ў першай палове ХІV ст. Узнікла абарончая сістэма замкаў у Лідзе,
Новагародку, Крэве, Вільні і Троках.
Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся
на ўзвышшах, другія размяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на
штучным насыпе. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі. Да тыпу кастэляў
належалі, напрыклад, Лідскі замак, пабудаваны ў 30-я гг. ХІV ст., замак у
Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і велікакняжацкай рэзідэнцыі.
Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі.
Да іх адносіўся і Новагародскі замак, які існаваў у Х – ХVІІ стст. Ён пэўны час
з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў лістоўскіх, шмат разоў перабудоўваўся.
У пачатку ХVІ ст. з’явіўся Мірскі замак, пабудаваны магнацкім родам
Ільінічаў па тыпу кастэляў. Аднак у першых гаспадароў замка не хапіла грошай
на яго дабудову, а пазней гэты род вымер. У1568 г. замак перайшоў да
Радзівілаў, якія і завяршылі замак у стылі рэнесанса.
Разам з замкамі другім пануючым архітэктурна-кампазіцыйным цэнтрам
гарадскіх пасяленняў былі гандлёвыя плошчы, дзе размяшчаліся будынкі
магістратаў, купецкія лаўкі, крамы.
Значнае месца ў архітэктуры азначанага перыяду займала культавае
дойлідства. У сувязі з пашырэннем каталіцызму на ўсёй тэрыторыі Беларусі
пачалося будаўніцтва касцёлаў. У гатычным стылі быў пабудаваны Троіцкі
касцёл у вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), захаваўшыяся да нашых дзён
касцёлы ў вёсцы Усялюб (Навагрудскі раён) і ў Іўі. У культувай архітэктуры
канца ХV – першай паловы ХVІ ст. з’яўляецца новы тып пабудоў –
інкастэляваныя храмы, прыстасаваныя да абароны. На Беларусі да нашых дзён
захаваўся шэраг абарончых храмаў: Сынкавіцкая царква-крэпасць,
Мураванкаўскай (Маламажэйкаўская) царква, Барысаглебская царква ў
Новагародку, Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі.
У выяўленчым мастацтве Беларусі другой паловы ХІІІ – першай паловы
ХVІ стст. вылучаюцца іканапіс, фрэскі, кніжная мініяцюра, гравюра, арнамент,
драўляная разьбяная скульптура.