абарончых ліній, дарог. У час войнаў і феадальных міжусобіц яны аддавалі
сваіх коней, абавязаны былі пастаўляць прадукты харчавання.
Большую частку неабходных для жыцця рэчаў сяляне рабілі самі. Яны
пралі і ткалі, шылі адзенне і абутак, будавалі хаты, рабілі мэблю, посуд і г. д.
Сыравінай для вытворчасці тканін, напрыклад, служылі шэрсць, лён і каноплі.
Ткалі на гарызантальных ткацкіх станках.
Існавалі розныя сістэмы земляробства: падсечная (у лясной зоне),
пераложная (у далінах рэк, на лясных палянах, сухадольных лугах, высахлых
тарфяніках – зямлю пераставалі апрацоўваць для аднаўлення яе натуральнай
урадлівасці), папарная збожжавая сістэма з двухполлем ці трохполлем.
Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, проса, грэчку, гарох, лён, каноплі.
Асаблівасцю развіцця жывёлагадоўлі было тое, што да канца
І тысячагоддзя н.э. зацвердзілася стойлавае ўтрыманне жывёлы. Паляванне,
рыбалоўства, збіральніцтва і бортніцтва ігралі падначаленую ролю.
Поспехі, дасягнутыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці, стварылі ўмовы
для аддзялення рамяства і гандлю ад земляробства. Месцам канцэнтрацыі гэтых
відаў гаспадаркі з’яўляліся гарады.
Пад 862 г. летапіс упамінае Полацк, пад 980 г. – Тураў. Апавядаючы пра
падзеі ХІ ст., летапісы паведамляюць аб існаванні яшчэ 12 гарадоў: Брэста,
Віцебска, Мінска, Заслаўя, Браслава, Оршы, Пінска, Друцка, Лагойска, Лукомля
і інш. Падзеі ХІІ ст. пакінулі ў летапісах успаміны яшчэ пра 17 гарадоў: Слуцк,
Барысаў, Гародня, Клецк, Камянец, Мсціслаўе, Крычаў, Гомель, Рагачоў,
Брагін, Мазыр, Чачэрск і інш. У ХІІІ ст., паводле пісьмовых крыніц, існавалі
таксама Рэчыца, Нясвіж, Новагародак, Слонім, Ваўкавыск, Капыль, Кобрын і
інш. У ХІV ст. становяцца вядомымі Магілёў, Ліда, Быхаў, Свіслач і інш.
Пісьмовыя крыніцы і археалагічныя матэрыялы, на думку
Э.М. Загарульскага, сведчаць аб тым, што ўзнікненне гарадоў звязана са
славянскім этапам у гісторыі Беларусі. У аснове большасці гарадоў ляжалі
княжацкі замак або пагранічная крэпасць, ваенны і фінансава-адміністрацыйны
цэнтр акругі, феадальная сядзіба. У замку ці каля яго сяліліся рамеснікі і
гандляры, бо феадалы з’яўляліся заказчыкамі і спажыўцамі іх прадукцыі. Па
меры павелічэння ўдзельнай вагі гэтай катэгорыі людзей паселішча
ператваралася ў горад.
Акрамя замка ці пагранічнай крэпасці (магутных абарончых збудаванняў),
існавання рамяства і гандлю, для горада ранняга сярэднявечча былі
характэрнымі дастаткова вялікая плошча ўмацаванай часткі паселішча (ад 1 да
10 га), радыяльная альбо веерападобная сетка вуліц, якія зыходзіліся
да гарадскіх варот, элементы добраўпарадкавання (брук, машчэнне вуліцы
дрэвам, дрэнажная сістэма), наяўнасць рынка, які размяшчаўся каля гарадскіх
варот, а таксама манументальных культавых і свецкіх пабудоў (каменныя
цэрквы, княжацкія палацы).
Цэнтральная ўмацаваная частка горада называлася дзядзінцам. Гэта –
арыстакратычная частка горада, дзе пераважна сяліліся феадалы (князь,