дамена), скарачала матэрыяльную базу яго палітычнай улады ўнутры краіны.
У той жа час узрасталі эканамічная роля і палітычны ўплыў буйных літоўскіх
феадалаў, што замацоўвала федэратыўныя тэндэнцыі ў пабудове дзяржавы.
Барацьба цэнтралісцкіх і федэратыўных пачаткаў пранізвала ўсё
ўнутрыпалітычнае жыццё княства ў ХІV – ХVІ стст. і вяла да крызісаў
дзяржаўнай улады, якія пагражалі распадам ВКЛ.
Першы крызіс узнік неўзабаве пасля смерці вялікага князя Гедыміна ў
1341 г. і быў выкліканы парушэннем права наследавання трона. Скончыўся ён
дзяржаўным пераваротам 1345 г., калі вялікі князь Еўнут быў звергнуты яго
старэйшымі братамі Альгердам і Кейстутам. Еўнуту было перададзена
Заслаўскае княства. Вялікім князем стаў Альгерд, які валодаў усходняй часткай
дзяржавы, яго суправіцелем – Кейстут, у валоданні якога знаходзіліся заходнія
землі княства з цэнтрам у Троках.
Другі палітычны крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда, калі, згодна
з папярэдняй дамоўленасцю паміж братамі, пры падтрымцы Кейстута на
велікакняжацкі прастол быў узведзены Ягайла Альгердавіч. Ён, як і яго бацька,
імкнуўся да стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Але гэта задача
ўскладнялася трыма акалічнасцямі. Па-першае, рэальную ўладу Ягайла меў
толькі ва ўсходняй частцы дзяржавы, у Троках і ўсёй заходняй частцы правіў
стары Кейстут. Па-другое, на велікакняжацкі трон прэтэндаваў князь Андрэй
Полацкі, старэйшы сын Альгерда ад першага шлюбу. Па-трэцяе, узмацнялася
апазіцыя з боку заходнерускіх княстваў, якія былі незадаволены палітыкай
цэнтралізацыі і былі супраць ідэі поўнага палітычнага зліцця з Літвой. Тут
выспяваў шырокі грамадска-палітычны рух супраць умацавання ўлады вялікага
князя. У 1377 г. Ягайла пазбавіў Андрэя Альгердавіча яго Полацкага ўдзелу.
Андрэй збег у Пскоў і стварыў цэлую антылітоўскую кааліцыю ў складзе
Маскоўскай дзяржавы, Смаленскага княства, Вялікага Ноўгарада і Лівонскага
ордэна.
У гэты час сапсаваліся адносіны Ягайлы з Кейстутам. Апошні,
выкарыстаўшы складанае становішча пляменніка, у 1381 г. захапіў вярхоўную
ўладу ў дзяржаве. Наступіў новы, трэці па ліку, палітычны крызіс. Праз год,
узяты ў палон Ягайлам, Кейстут быў задушаны ў цямніцы Крэўскага замка.
Быў яшчэ адзін фактар, які абцяжарваў праблему цэнтралізацыі дзяржавы:
рост аўтарытэту Масквы на заходнерускіх землях пасля перамогі над татарамі
на Куліковым полі ў 1380 г. Дарэчы, у гэтай бітве ўдзельнічалі і некаторыя
князі з ВКЛ, напрыклад, той жа Андрэй Полацкі. Спроба нейтралізаваць гэту
тэндэнцыю шляхам заключэння саюза паміж вялікімі князямі літоўскім і
маскоўскім не прывяла да станоўчых вынікаў, бо маскоўскі бок выставіў
умовы, непрымальныя для літоўскага. Самастойнаму гаспадару было не з рукі
станавіцца васалам ханскага данніка.
Новае выйсце бачылася ў саюзе з Польшчай, якая акрамя апоры ў барацьбе
з унутранай апазіцыяй разглядалася яшчэ і як саюзнік у змаганні з Тэўтонскім
ордэнам. Польскія феадалы ў сваю чаргу хацелі засцерагчыся ад моцнага і