Толькі паны і шляхта мелі права валодаць зямлёй. Шляхціца мог судзіць
толькі шляхецкі суд. Шляхта была свабодная ад пабораў. Адзінай павіннасцю
яе з’яўлялася вайсковая служба.
У склад пануючага класа ўваходзіла і духавенства, якое валодала
велізарнай зямельнай маёмасцю. Духавенства збірала дзесяціну з каралеўскіх і
шляхецкіх маёнткаў. Прадстаўнікі вышэйшага кліру ўваходзілі ў склад сената.
Польская праграма уніі мела на мэце стварэнне унітарнай дзяржавы і ВКЛ
адводзілася роля правінцыі Рэчы Паспалітай. Аднак у Люблінскім акце былі
закладзены супярэчнасці, якія дапускалі магчымасць будавання як унітарнай,
так і федэратыўнай ці канфедэратыўнай дзяржавы. Захоўваліся тытулы
“Вялікага княства Літоўскага” і “вялікага князя літоўскага”, дзейнічаў амаль не
парушаны апарат дзяржаўнага кіравання, меліся свой скарб, дзяржаўная
пячатка, сваё войска і свой звод законаў – Статут ВКЛ.
Узаемаадносіны паміж дзяржавамі не спрыялі ўтварэнню унітарнай
дзяржавы. Напярэдадні Люблінскай уніі Жыгімонт Аўгуст абяцаў дапамогу
палякаў у вайне, але вальны сейм у 1573 г. выдаў пастанову аб вядзенні
Лівонскай вайны на сродкі ВКЛ.
Пасля Люблінскай уніі ў ВКЛ дзейнічаў генеральны сеймік, які з цягам
часу набываў рысы заканадаўчага органа княства. Адраджэнню яго
заканадаўчай кампетэнцыі спрыялі наступныя абставіны. Па-першае, сеймік
складаўся з сенатараў і паслоў ад усіх зямель княства, што надавала яго
пастановам агульнадзяржаўнае значэнне. Па-другое, у час бескаралеўя ўсе
сеймікі Рэчы Паспалітай бралі ў свае рукі і заканадаўчую, і адміністрацыйную, і
судовую ўладу. Па-трэцяе, агульны сейм з-за сваёй слабай згуртаванасці і
“liberum veto” паціху ператвараўся ў кангрэс, дзе пытанні не вырашаліся, а
абмяркоўваліся. У 1673 г. сейм ухваліў пастанову: кожны трэці сейм збіраць у
Гродне, а не ў Кароне. На сеймах у Гродне маршалкам выбіраўся адзін з
мясцовых дэпутатаў. Гэты акт юрыдычна прызнаў існаванне ВКЛ у якасці
асобнага дзяржаўнага арганізма.
У ВКЛ захаваўся цалкам адміністрацыйны апарат кіравання. З 1581 г.
пачаў дзейнічаць Галоўны трыбунал ВКЛ – вышэйшая судовая ўстанова.
Таксама новы Статут ВКЛ І588 г. не ўспомніў аб Люблінскай уніі. Ён складаўся
з 14 раздзелаў і 487 артыкулаў. У трэцім раздзеле абвяшчалася самастойнасць
Вялікага княства Літоўскага, недатыкальнасць яго межаў, яго тэрытарыяльная
цэласнасць. Статут ВКЛ І588 г. забараняў іншаземцам набываць у княстве
землі, маёнткі, пасады. А палякі – уладальнікі падараваных у княстве
маёнткаў –
павінны былі несці земскую службу, у адваротным выпадку яны
трацілі правы на ўладанні. Статут ВКЛ 1588 г. заставаўся галоўнай крыніцай
права на Беларусі да 1840 г. Але паколькі ВКЛ уваходзіла ў склад Рэчы
Паспалітай, то неаднаразова рабіліся спробы прымаць новыя законы, якія
пярэчылі нормам Статута. Але, нягледзячы на гэта, Статут ВКЛ 1588 г. падвёў
заканадаўчую аснову пад новыя ўзаемаадносіны паміж княствам і Польшчай.