прыгонных усю іх маёмасць, цялесна пакараць. Сяляне Беларусі выконвалі
розныя павіннасці, якія падзяляліся на галоўныя і дадатковыя. Да галоўных
адносіліся паншчына, аброк і згоны (гвалты). Дадатковымі павіннасцямі былі:
шарваркі (будаўнічыя работы), вартаўніцтва (начны каравул) і фурманачная
(падводная) павіннасць (прадастаўленне фурманкі для перавозак). Усё гэта
сяляне выконвалі за права карыстацца зямлёй памешчыка, лавіць рыбу,
займацца ляснымі промысламі, здабываннем вапны і г. д. Па патрабаванні
памешчыка сяляне прыносілі “даніну” ягадамі, грыбамі, мёдам, палатном і інш.
Развіццё памешчыцкага прадпрымальніцтва выклікала павелічэнне
агульнага аб’ёму павіннасцей сялян, а іх эксплуатацыя прыняла яшчэ больш
цяжкія формы. Акрамя палявых работ на панскай ворыўнай зямлі, прыгонных
вымушалі яшчэ працаваць на вотчынных мануфактурах. Сяляне нават не ведалі
сумы сваіх заробкаў, бо разлікаў з імі, як правіла, не праводзілі.
Дзяржаўныя сяляне належалі казне і афіцыяльна называліся “свабоднымі
сялянскімі абывацелямі”. Аднак калі дзяржаўныя сяляне ўнутраных расійскіх
губерняў ужо знаходзіліся на “чыншавым становішчы” (за карыстанне зямлёй
плацілі грошы ў дзяржаўную казну), беларускія дзяржаўныя сяляне заставаліся
на “гаспадарчым становішчы”. Яно характарызавалася тым, што большая
частка казённых маёнткаў у губернях Беларусі здавалася ў арэнду (часцей на
кароткі тэрмін) мясцовым памешчыкам ці буйным чыноўнікам. Як правіла,
дзяржаўныя сяляне таксама адбывалі паншчыну. Як вынік, вельмі часта
дзяржаўныя сяляне эксплуатаваліся часовымі арандатарамі больш жорстка, чым
памешчыцкія.
Яшчэ адным падатковым саслоўем былі мяшчане. Гэта – асабіста
свабоднае насельніцтва гарадоў (у канцы XVIII ст. яны складалі 80 %
насельніцтва беларускіх гарадоў), якое павінна было плаціць падушны падатак,
адбываць рэкрутчыну і іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці. Аднак
прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя жылі не толькі ў гарадах. Заможныя сяляне,
што сталі вольнымі і перайшлі ў саслоўе мяшчан, звычайна “прыпісваліся” да
таго ці іншага горада, але жылі ў сваёй вёсцы, дзе ў іх была наладжана
прадпрымальніцкая справа. Насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі было
шматэтнічным і шматканфесійным. Напрыклад, у канцы XVIII – пачатку
ХІХ ст. у гарадах Мінскай губерні іудзеі складалі 50,5 %, праваслаўныя –
38,4 %, уніяты – 5,4 %, католікі – 4,8 %.
У першай палове ХІХ ст. у Беларусі аформілася асобая непадатковая, але і
не прывілеяваная група насельніцтва – разначынцы (выхадцы з “розных чыноў
і званняў”). Яны ўяўлялі сабой свабодную, служылую катэгорыю насельніцтва,
даволі аднастайную па сваім становішчы ў грамадстве. У гэтую катэгорыю
ўваходзілі адукаваныя інтэлігенты, выхадцы з сялянства, мяшчанства,
купецтва, духавенства, збяднелага дваранства. Як правіла, разначынцы – гэта
ніжэйшыя чыноўнікі, настаўнікі гімназій, работнікі навукі, літаратуры і
мастацтва Агульны іх лік і ўдзельная вага сярод насельніцтва Беларусі не
вызначаны.