працавала 1 164 вольнанаёмныя рабочыя. Цукар, які вырабляўся на
прадпрыемствах Беларусі, прадаваўся не толькі на мясцовых рынках, але
вывозіўся і ў Маскву. Аднак “цукровая гарачка” працягвалася нядоўга.
Цукровыя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнтнай барацьбы з больш
буйнымі прадпрыемствамі Расіі, Украіны і Польшчы і ў сярэдзіне 60-х гг.
спынілі сваё існаванне.
Нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі першай
паловы ХІХ ст., яе памеры ў параўнанні з агульнарасійскай былі нязначнымі, а
тэмпы развіцця – надзвычай маруднымі. Пры гэтым дробнатаварная і
мануфактурная вытворчасць у Беларусі з пачатку 30-х гг. перажывала крызіс,
які быў звязаны з паглыбленнем крызісу ўсёй прыгонніцкай сістэмы.
Прамысловасць адчувала востры недахоп у працоўнай сіле і асабліва ў людзях,
якія валодалі тэхнічнымі ведамі.
Гарады. У першай палове ХІХ ст. у Беларусі назіраўся рост гарадскога
насельніцтва. Колькасць насельніцтва беларускіх гарадоў расла як за кошт
натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з
сельскай мясцовасці, якія неўзабаве склалі пераважную колькасць гарадскога
насельніцтва і якія засяродзілі ў сваіх руках рамяство і гандаль. 70 – 90 %
гарадскога насельніцтва складала мяшчанства (рамеснікі, дробныя гандляры),
6 – 7 % – дваранства і духавенства, 2 – 2,5 % – купецтва. У сярэдзіне ХІХ ст. у
Беларусі налічвалася 40 гарадоў і больш за 300 мястэчак. Найбольш буйнымі
гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. Аднак у першай палове ХІХ ст.
гарады яшчэ не сталі цэнтрамі прамысловасці, у іх працягвалі развівацца
гандаль і рамяство.
Гандаль. Шляхі зносін. Развіццё прамысловасці, рост гарадскога
насельніцтва стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку. Гандаль Беларусі
развіваўся пераважна ў форме кірмашоў, часта з вялікім гандлёвым абаротам.
Усяго ў Беларусі штогод праходзіла каля 200 кірмашоў. На самым буйным з іх –
Зэльвенскім (Гродзенская губерня) – гадавы абарот перавышаў 1 млн. руб.
Сярод буйных кірмашоў былі Любавіцкі ў Магілёўскай губерні і Мінскі. Сюды
прывозілі сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але і
з Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай губерняў, Украіны, Польшчы,
Прусіі і іншых месцаў.
Важнае значэнне ў Беларусі набыў вывазны гандаль. Прадметамі экспарту
былі збожжа, лён, пянька, каноплі, лес, спірт, смала, паташ і г. д. У Беларусь
завозілі шэрсць, металічныя вырабы, галантарэю, прадметы раскошы:
фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі і г. д. Назіралася паступовае
змяненне асартыменту прывезеных тавараў. Напрыклад, на Стаўпянскую
прыстань у 1827 г. прывозілі пераважна прадметы раскошы: фарфоравы і
фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі, дарагое віно, а ў 1850-я гг. выгружалі
пераважна чыгунныя вырабы, свінец, волава, паперу.
У развіцці гандлю важную ролю адыгралі суднаходныя рэкі – Бярэзіна,
Прыпяць, Днепр, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія праз каналы звязвалі Беларусь з