У процівагу асветніцкаму рацыяналізму светапогляд эпохі рамантызму
прасякнуты сцвярджэннем перавагі духоўнага пачатку над розумам. Рамантызм
не з’яўляўся акрэсленым мастацкім стылем, але ў некаторых сферах мастацкай
культуры ён выступаў як альтэрнатыва класіцызму (у літаратуры, жывапісе).
Расчараваныя ў рэчаіснасці, рамантыкі звярнуліся да гістарычнага мінулага.
Гэта выклікала шырокае распаўсюджанне ў выяўленчым мастацтве і літаратуры
гістарычнага жанру. Рамантызм прыўнёс у мастацтва ідэі народнасці,
каштоўнасці нацыянальных традыцый і быту.
Адукацыя. З пункту гледжання асветнікаў стварыць ідэальнае грамадства
можна перш за ўсё з дапамогай правільнага выхавання і адукацыі. Пад уплывам
асветніцкіх ідэй адукацыя паступова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву,
пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. Гэта
абумовіла правядзенне ў апошняй трэці XVIII – пачатку ХІХ ст. шэрагу рэформ
у галіне адукацыі Расійскай імперыі.Да гэтага часу ў Беларусі склалася даволі
заблытаная сетка навучальных устаноў, пазбаўленых адзінага кіраўніцтва і не
звязаных паміж сабой.
У 1802 г. было ўтворана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская
частка Расіі дзялілася на 6 навучальных акруг, кожную з якіх узначальваў
папячыцель. Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні ўвайшлі ў
склад Віленскай навучальнай акругі, якую ўзначаліў магнат Адам Чартарыйскі.
Навуковым і адміністрацыйным цэнтрам акругі быў Віленскі універсітэт,
створаны ў 1803 г. на базе рэарганізаванай Галоўнай Віленскай школы. Ва
універсітэце меліся 4 факультэты: маральных і палітычных навук, фізіка-
матэматычны, медыцынскі, літаратурны і вольных мастацтваў. Ва універсітэце
працавалі такія вядомыя вучоныя як І. Страйноўскі, Я. Снядэцкі, І. Даніловіч,
М. Баброўскі, І. Лялевель і інш. Пры універсітэце дзейнічалі медыцынскі,
ветэрынарны, агранамічны інстытуты, астранамічная абсерваторыя, адзін з
самых багатых у Еўропе батанічных садоў, першы ў Расіі заалагічны музей, тры
клінікі, аптэка, бібліятэка. З’яўляючыся цэнтрам Віленскай навучальнай акругі,
універсітэт распрацоўваў праграмы і падручнікі для падначаленых школ.
Адукацыя, атрыманая ў Віленскім універсітэце, не саступала адукацыі ў
лепшых заходнееўрапейскіх інстытутах. У 1832 г. універсітэт быў закрыты за
ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у паўстанні 1830 – 1831 гг.
Паводле Статута 1804 г., які складзены ў адпаведнасці з французскай
асветніцкай філасофіяй XVIII ст., школьная сістэма будавалася па прынцыпе
адзінства і пераемнасці: кожная школьная ступень была звязана з папярэдняй і
наступнай, пераход у школу ажыццяўляўся без экзамена, на падставе дакумента
аб заканчэнні папярэдняй школы. Навучанне аб’яўлялася бясплатным. Сістэма
адукацыі ўключала ў сябе прыходскія вучылішчы з гадавым тэрмінам
навучання (пачатковая школа), двухгадовыя павятовыя вучылішчы,
чатырохгадовыя гімназіі і універсітэты. Станоўчымі вынікамі рэформы на
Беларусі з’явіліся рост свецкіх агульнаадукацыйных школ і колькасці