працавалі школы, медыцынскія пункты, якія абслугоўвалі партызан і
насельніцтва. Сам факт існавання ў глыбокім тыле ворага партызанскіх зон меў
важнае палітычнае значэнне, садзейнічаў росту ўсенароднага супраціўлення
гітлераўцам.
Партызаны, падпольшчыкі не здолелі б адны весці паспяховую барацьбу,
калі б не дапамога большасці насельніцтва Беларусі, якое ўсімі сродкамі і сіламі
супраціўлялася ваенным, эканамічным і палітычным мерапрыемствам
акупантаў, падтрымлівала народных мсціўцаў. Мірныя жыхары забяспечвалі
партызан харчаваннем, адзеннем, абуткам, збіралі зброю і боепрыпасы,
выконвалі абавязкі сувязных і разведчыкаў, а нярэдка прымалі непасрэдны
ўдзел у баявых аперацыях супраць акупантаў.
За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 г. да ліпеня
1944 г., патрыёты Беларусі нанеслі вялікі ўрон акупантам у тэхніцы і жывой
сіле. Яны знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Было пушчана
пад адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронепаязды, разгромлена 29 чыгуначных
станцый, 948 гарнізонаў і штабоў, падарвана і спалена 18 700 аўтамашын, 939
ваенных складоў, 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, збіта 305 самалётаў,
падбіта 1355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў.
Нездарма гітлераўскі намеснік у Беларусі В. Кубэ дакладваў у Берлін, што ў
тыле арміі “Цэнтр” фактычна існуе другі фронт – партызанскі.
За мужнасць і адвагу больш як 140 тыс. беларускіх партызан і
падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 88 з іх, у тым ліку Ц.П.
Бумажкову, Ф.І. Паўлоўскаму (першым з савецкіх партызан), М.П. Шмырову,
І.П. Казінцу, К.С. Заслонаву, В.І. Казлову, У.Е. Лабанку, П.М. Машэраву,
Ефрасінні Зяньковай, Марату Казею, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Аднак беларусы добра ведаюць, што адным ім, без дапамогі і падтрымкі
ўсіх народаў Савецкага Саюза і іншых краін, не ўдалося б выжыць у той
страшэннай вайне. З савецкага тылу партызаны атрымлівалі сродкі сувязі,
медыкаменты, узбраенне і г.д. Толькі з лета 1942 г. па сакавік 1944 г. з-за лініі
фронту было перапраўлена 80 тыс. вінтовак, аўтаматаў, кулямётаў, 100 млн
патронаў да іх, 400 т узрыўчаткі. Савецкія ваенныя лётчыкі вывезлі з варожага
тылу больш за 11 тыс. беларускіх дзяцей і раненых партызан. У злучэннях
беларускіх партызан ваявалі 100 тыс. рускіх, дзесяткі тысяч украінцаў, тысячы
латышоў, эстонцаў, грузін, армян, азербайджанцаў – прадстаўнікоў амаль усіх
нацыянальнасцей Савецкага Саюза.
На тэрыторыі Беларусі змагаліся і прадстаўнікі народаў іншых краін –
палякі, чэхі, славакі, венгры, бельгійцы, аўстрыйцы, галандцы, італьянцы,
немцы і інш. Усяго на тэрыторыі Беларусі змагаліся каля 4 тыс. замежных
антыфашыстаў.
Аналіз сацыяльнага і нацыянальнага складу партызан Беларусі паказвае,
што іх касцяк складалі сяляне і рабочыя – 56,1 %, служачых было 20,5 %,
навучэнцаў – 12,2, вайскоўцаў – 11,2 %. Пры гэтым моладзь да 25 гадоў
уключна складала 54 %. Беларусаў сярод партызан было 71,1 %.