У чэрвені 1934 г. у Мінску адбыўся І з’езд пісьменнікаў Беларусі, на якім
прысутнічала больш за 100 дэлегатаў. З’езд арганізацыйна аформіў стварэнне
Саюза пісьменнікаў БССР.
У змрочную пару рэпрэсій 30-х гадоў, паводле няпоўных звестак, было
арыштавана каля 90 пісьменнікаў. Большасць з іх загінула ў лагерах. Сярод іх
М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі і інш.
У вострай барацьбе розных мастацкіх школ і плыняў стваралася
беларускае савецкае тэатральнае, музычнае і выяўленчае мастацтва. У верасні
1920 г. быў адкрыты Першы Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), у 1926 г. –
БДТ-2 і Беларускі вандроўны тэатр, які ў 1932 г. быў рэарганізаваны ў Трэці
Беларускі дзяржаўны тэатр (з базай у Гомелі). У 30-я гады былі створаны Рускі
драматычны і Тэатр юнага гледача, тэатры рабочай моладзі ў Мінску, Гомелі і
Віцебску, калгасна-саўгасныя тэатры ў Мінску, Барысаве, Мазыры, Слуцку,
Бабруйску, Рэчыцы і Дзяржынску. Усяго ў рэспубліцы працавала 14 тэатраў. На
іх сцэнах ішлі такія п’есы, як “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на
кургане” Я.Купалы, “На дне” М. Горкага, “Партызаны” К. Крапівы і інш.
У 1923 г. Першы беларускі дзяржаўны тэатр дэманстраваў сваё майстэрства
ў Маскве ў Крамлі і быў узнагароджаны ЦВК СССР Ганаровай граматай.
Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы творчых работнікаў аказваў Беларусі
рускі народ. Паездкі ў Маскву, вучоба ў лепшых майстроў сцэны садзейнічалі
хуткаму творчаму росту калектываў тэатраў. Беларускаму гледачу былі добра
вядомы такія славутыя дзеячы сцэны, як І. Буйніцкі, Е. Міровіч, У. Галубок,
Г. Глебаў, Б. Платонаў, П. Малчанаў і інш.
У сярэдзіне 20-х гадоў першыя поспехі былі дасягнуты ў развіцці
беларускага музычнага мастацтва, у якім усё яшчэ пераважала самадзейная
творчасць музычных, харавых і танцавальных калектываў. У пачатку 20-х гадоў
у Мінску, Віцебску, Гомелі былі створаны музычныя тэхнікумы, якія сталі
цэнтрамі музычнага жыцця. У 1924 г. у Гомелі, а затым у Магілёве былі
арганізаваны невялікія сімфанічныя аркестры.
Значны крок наперад зрабіла музычнае мастацтва ў 30-я гады. У 1932 г.
адкрылася Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, у 1933 г. – Беларускі тэатр
оперы і балета, а ў 1937 г. – Беларуская дзяржаўная філармонія. У яе склад
увайшлі сімфанічны аркестр і аркестр народных інструментаў, ансамбль
народнай песні і танца, харавая капэла. У гэты час сталі добра вядомы імёны
такіх кампазітараў, як М. Аладава, А. Багатырова, В. Залатарова, І. Любана,
А. Туранкова, М. Чуркіна і інш.
Паспяхова развівалася кінамастацтва. Ствараліся дакументальныя і
мастацкія фільмы, кінахроніка. Сярод іх “Залатыя агні” У. Корш-Сабліна,
“Балтыйцы” А. Файнцымера. Да ліку лепшых належалі таксама фільмы І. Бахара
і Л. Малчанава “Палескія рабінзоны” (1935) і “Канцэрт Бетховена” (1937).
Дасягненні ў сферы культурнай дзейнасці сведчаць аб сапраўдным
ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі ў рэспубліцы.