у Барысаве, Лідзе і Навагрудку – па 15 тыс. мясцовага насельніцтва і 5 тыс.
нямецкіх каланістаў і г.д.
Гітлер і яго кліка паабяцалі немцам “тысячагадовае квітненне рэйха”,
“райскае жыццё” пасля перамогі над СССР: кожнаму – аўтамабіль
(“фольксваген”), вызваленне ад падаткаў, магчымасць атрымаць на Усходзе
зямлю, маёмасць і рабоў-славян.
Вялікая Айчынная вайна была састаўной і рашаючай часткай другой
сусветнай вайны. Захапіўшы амаль усю Еўропу, Германія планавала, як потым
абгрунтавана будзе запісана ў дакументах Нюрнбергскага працэсу, “знішчыць
СССР як палітычную і ваенную дзяржаву для таго, каб расчысціць шлях для
экспансіі Германіі на Усход…”.
На тэрыторыі Беларусі наступала самая моцная з трох фашысцкіх груповак
вермахта – група армій “Цэнтр”, меўшая сваёй канчатковай мэтай захоп
Масквы. Падтрымліваў яе 2-і паветраны флот, які налічваў 1680 самалётаў
(50 % сіл усёй авіяцыі рэйха).
У першыя ж гадзіны вайны варожая авіяцыя нанесла ўдары па ваенных
аб’ектах у заходняй прыгранічнай паласе на глыбіню да 400 км. Дыверсійныя
групы палка “Брандэнбург”, скінутыя на парашутах у момант нападзення,
павінны былі вывесці са строю сувязь і ўпраўленне войскамі. Адразу ж была
знішчана большая частка савецкіх бамбардыроўшчыкаў і знішчальнікаў, якія
базіраваліся на аэрадромах прыгранічных ваенных акругоў. Масавым
бамбардыроўкам былі падвергнуты чыгуначныя вузлы, гарады Беласток, Брэст,
Гродна, Баранавічы і інш.
У крайне неспрыяльных умовах, несучы цяжкія страты, савецкія
пагранічнікі, чырвонаармейцы аказвалі рашучае, самаахвярнае супраціўленне.
Гераічна трымаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці, у які ўваходзілі прадстаўнікі
больш за 30 нацый і народнасцей. Узначальвалі яго маёр П.М. Гаўрылаў і
палкавы камісар Я.М. Фамін. Не маючы сувязі, вады, харчу, медыкаментаў,
абаронцы крэпасці не здаваліся, пастаянна контратакавалі праціўніка, наносілі
яму страты. Апошнія групы змагаліся да канца ліпеня 1941 г.
Усімі сіламі войскі Чырвонай Арміі спрабавалі стрымаць наступленне
агрэсара. У першы дзень вайны ў небе Беларусі было збіта больш за 100
нямецкіх самалётаў. Пры гэтым лётчыкі Д.В. Кокараў (у раёне Замораў
Беластоцкай вобл.), С.М. Гудзімаў (у раёне Пружан), П.С. Рабцаў (над
Брэстам), А.С. Данілаў (каля Ліды) і іншыя таранілі варожыя самалёты ў
паветры, а некалькі пазней камандзір эскадрыллі М.Ф. Гастэла і члены яго
экіпажа А.А. Бурдзянюк, Р.М. Скарабагаты, А.А. Калінін здзейснілі (пад
Мінскам, каля Радашковіч) наземны таран, накіраваўшы свой самалёт на
скапленне варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрн.
Нягледзячы на катастрафічнае становішча, савецкія воіны ўпарта
супраціўляліся, хаця былі выпадкі, і аб гэтым нельга замоўчваць, панікі,
разгубленасці, бязладнага адыходу.