дэмакратычнага напрамку. Сярод іх галоўнае месца займала Камуністычная
партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яна была створана ў кастрычніку 1923 г.
Нягледзячы на нелегальны характар работы, рады партыі пашыраліся. У 1923 г.
яна налічвала 523 камуністы, у 1928 г. – 3 тыс., у 1934 г. – 4 тыс. Акрамя таго,
каля 3 тыс. членаў партыі знаходзілася пастаянна ў турмах. Друкаванымі
органамі ЦК КПЗБ былі газета “Чырвоны сцяг” і часопіс “Бальшавік”. У розныя
гады ЦК КПЗБ выдаваў на беларускай, польскай, рускай і яўрэйскай мовах
газеты “Партработнік”, “Да барацьбы”, “Весткі з СССР”, “Куйце зброю”,
“Голас салдата”, “Чырвоны сцяг” і інш.
КПЗБ была часткай Кампартыі Польшчы на правах тэрытарыяльнай
нацыянальнай арганізацыі, таму яна не мела сваёй праграмы і статута, а
кіравалася дакументамі КПП. Такая ж сітуацыя была і ў Камуністычнага саюза
моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), які з’яўляўся аўтаномнай арганізацыяй
камсамола Польшчы. Створаны КСМЗБ у студзені 1924 г. ўвесь час заставаўся
верным і надзейным памочнікам КПЗБ, яе рэзервам. Да 4 тыс. чалавек
аб’ядноўваў камсамол Заходняй Беларусі, пераважна сялянскую моладзь.
КПЗБ і КСМЗБ аказвалі моцны ўплыў на розныя масавыя арганізацыі
дэмакратычнага і нацыянальна-вызваленчага напрамку. Асабліва значным
поспехам было кіраўніцтва масавай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай
арганізацыяй Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), створанай у 1925 г.
Яе праграма мела наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі,
аб’яднанне яе з БССР, стварэнне сялянска-рабочага ўрада, канфіскацыя
памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы, падзел
зямель без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі, ліквідацыя
асадніцтва, 8-гадзінны працоўны дзень, нацыянальная роўнасць і навучанне на
роднай мове, свабода сумлення, аддзяленне царквы ад дзяржавы і іншыя
патрабаванні. Галоўным сродкам вызвалення працоўных была абвешчана
адкрытая барацьба з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочых і сялян. БСРГ
праводзіла мітынгі, дэманстрацыі, выступленні сялян супраць абшарнікаў,
кулакоў і асаднікаў, падатковага ўціску і аграрнай палітыкі польскіх улад, за
вызваленне палітычных вязняў, за стварэнне беларускіх школ і інш.
ЦК Грамады выдаваў газеты, якія па прычыне праследавання ўладамі часта
закрываліся, таму выходзілі пад новымі назвамі: “Жыццё беларуса”,
“Беларуская ніва”, “Беларуская справа”, “Народная справа”, “Наша справа”,
“Наш голас”, “Наша воля”, “Народны звон”. Выходзіў таксама сатырычны
часопіс “Маланка”.
У студзені 1927 г. Грамада аб’ядноўвала больш за 2 тыс. суполак, у якіх
налічвалася каля 120 тыс. чалавек, дзейнічала 18 павятовых камітэтаў БСРГ.
Бурны рост Грамады, яе поспехі ў кіраўніцтве барацьбой працоўных супраць
эканамічнага, нацыянальнага і палітычнага прыгнёту непакоілі памешчыкаў,
асаднікаў і акупацыйныя ўлады. Паліцыя і дэфензіва нават дазволеныя
вышэйшымі ўладамі з’езды, мітынгі і нарады разганяла, а іх удзельнікаў збівала
і арыштоўвала.