даследаванні, якія высвятлялі нацыянальныя асаблівасці быту і культуры
беларускага народа, пытанні яго этнагенэзу і этнічнай тэрыторыі. У галіне
этнаграфіі плённа працавалі Еўдакім Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі,
Аляксандр Сержпутоўскі і іншыя даследчыкі. Навуковы аналіз назапашаных
этнаграфічнай навукай матэрыялаў даў магчымасць стварэння грунтоўных
абагульняючых прац. Асабліва заметнае значэнне ў гэтым плане адыгралі
працы заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства,
этнографа, фалькларыста Яўхіма Фёдаравіча Карскага. Вучоны нарадзіўся ў в.
Лаша Гродзенскага павета. Вынікі шматгадовай працы ён апублікаваў у
трохтомніку “Беларусы”, які і сёння не страціў сваёй навуковай каштоўнасці.
Карскі даследаваў паходжанне беларускага народа, акрэсліў яго этнічныя
межы, асвятліў важнейшыя этапы гісторыі беларускай мовы і яе спецыфічныя
асаблівасці. Тым самым ён пераканаўча даказаў, што беларусы з’яўляюцца
асобным этнасам са сваёй мовай і культурай.
Былі створаны і грунтоўныя даследаванні, прысвечаныя беларускай
гісторыі. Навуковыя працы Мітрафана Доўнар-Запольскага ўнеслі вялікі
ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі. Дзеяч беларускага
нацыянальнага руху Вацлаў Ластоўскі ў 1910 г. выдаў на беларускай мове
“Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, дзе імкнуўся паказаць адметнасць
гістарычнага лёсу беларускага народа.
Усё больш шырокія колы інтэлігенцыі сталі захапляцца краязнаўствам.
Дзякуючы грамадскай актыўнасці, быў утвораны шэраг музеяў і культурна-
асветных устаноў.
Перыядычны і кніжны друк. Перыядычны і кніжны друк у Беларусі
развіваўся ва ўмовах даволі жорсткай цэнзуры. У мясцовых выдавецтвах
выходзіла пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі,
даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на
рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай
мове.
Перыядычны друк Беларусі быў прадстаўлены афіцыйнымі выданнямі.
Сярод іх вылучаліся “Губернские ведомости”, “Епархиальные ведомости”.
“Губернские ведомости” складаліся з 2 частак: афіцыйнай і неафіцыйнай.
У афіцыйнай частцы публікаваліся розныя ўрадавыя паведамленні. У неафіцыйнай
частцы маглі змяшчацца паведамленні аб кірмашах, рыначных цэнах,
здарэннях, аб стане сельскай гаспадаркі, фабрык і заводаў, аб некаторых
падзеях у міжнародным жыцці. Існавала магчымасць публікаваць асобныя
матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Але катэгарычна забаранялася
змяшчаць тут крытычныя меркаванні аб фактах грамадскага жыцця,
крытычныя заўвагі аб дзейнасці мясцовых улад.
У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты
“Минский листок”. У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў,
гісторыкаў, фалькларыстаў. Тут друкавалася паэма “Тарас на Парнасе”,
змяшчаліся творы Янкі Лучыны, Каруся Каганца, публікаваліся артыкулы