тое, што ў шматгранным жыцці беларускага горада ў ХІХ ст. не
выкарыстоўвалася, за нязначнымі выключэннямі, беларуская мова.
Этнічная тэрыторыя беларусаў. У канцы ХІХ ст. паступова
стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Асновай яе ўтварэння стала
наладжванне і развіццё гаспадарчых сувязей, якія пераадолелі эканамічную
замкнёнасць асобных раёнаў і звязалі іх у адно кампактнае цэлае. Этнічная
тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы пяці заходніх губерняў Расійскай
імперыі. Яна ўключала поўнасцю Магілёўскую і Мінскую губерні; Ашмянскі,
Вілейскі, Дзісенскі, Лідскі і паўднёвую частку Свянцянскага павета Віленскай
губерні; Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі і Полацкі паветы Віцебскай
губерні; Брэсцкі, Ваўкавыскі, Пружанскі, Гродзенскі, Кобрынскі і Слонімскі
паветы Гродзенскай губерні.
Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і
паўночна-заходняя часткі Беларусі, найбольш развітыя ў эканамічных,
сацыяльных, палітычных і культурных адносінах. Тут пражывала амаль палова
пісьменных беларусаў, адсюль выйшла большасць дзеячаў беларускага
нацыянальна-вызваленчага руху і культуры таго перыяду. Сярэднебеларускія
гаворкі склалі аснову беларускай літаратурнай мовы.
Працэс фарміравання беларускай нацыі закрануў і насельніцтва Палесся,
якое, аднак, захоўвала моўныя і культурныя асаблівасці. На тэрыторыі
ўсходняй часткі Беларусі працэсы нацыянальнай кансалідацыі ішлі больш
запаволена, тут адчуваўся больш моцны расійскі ўплыў.
Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1897 г.,
на тэрыторыі пяці заходніх губерняў пражывала 5 млн. 408 тыс. беларусаў,
3,1 млн. рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Польскае і
літоўскае насельніцтва канцэнтравалася ў асноўным у заходніх паветах
Гродзенскай і Віленскай губерняў, рускае і латышскае – у паўночных паветах
Віцебскай губерні, украінскае – у Кобрынскім і Брэсцкім паветах Гродзенскай
губерні. Яўрэйскае насельніцтва пражывала на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у
гарадах і мястэчках. Сярод гараджан пяці заходніх губерняў яўрэі складалі
53,5 %, а ва ўсім насельніцтве – 13,8 %.
Абсалютная большасць беларусаў жыла ў сельскай мясцовасці (больш за
90 %). Доля тых беларусаў-гараджан, якія гаварылі на роднай мове, складала ў
сярэднім толькі 14,5 %. Асаблівасцю беларусаў як этнасу быў падзел паводле
канфесійнай прыналежнасці на праваслаўных і католікаў. Праваслаўная царква
і каталіцкі касцёл не прызнавалі існавання беларускага этнасу, лічачы, што
праваслаўныя беларусы ёсць рускія, а беларусы-католікі – палякі. У 1897 г.
праваслаўныя сярод беларусаў складалі 81,2 %.
За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў Беларусі падвоілася.
У пачатку ХХ ст. прырост насельніцтва некалькі паменшыўся. Гэта было
звязана з развіццём міграцыйных працэсаў у выніку класавай дыферэнцыяцыі і
аграрнай перанаселенасці беларускай вёскі.