Гандлёва-прамысловая буржуазія фарміравалася з асяроддзя памешчыкаў,
купцоў, мяшчан, заможных рамеснікаў. У яе нацыянальным складзе пераважалі
яўрэі – 84,5 %, рускіх было 10,7 %, а беларусаў – толькі 1,7 %. Беларускай па
нацыянальнасці была толькі аграрная буржуазія. Клас наёмных рабочых
складваўся са збяднелых сялян, рамеснікаў, мяшчан, дробных гандляроў.
Беларусаў тут было 17 %, рускіх – 10 %, палякаў – 10,2 % і яўрэяў – 60 %.
Рускія пераважалі на чыгуначным транспарце і ў чыгуначных майстэрнях,
беларусы – на рамонце чыгуначных і шашэйных дарог, на прамысловых
прадпрыемствах у сельскай мясцовасці. Яўрэі складалі асноўную масу рабочых
у дробнай і рамеснай вытворчасці.
Паступовая капіталізацыя аграрных адносін у беларускай вёсцы. Да
пачатку ХХ ст. перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад
яшчэ не завяршылася. У першае дзесяцігоддзе ХХ ст. Беларусь па-ранейшаму
заставалася адным з аграрных рэгіёнаў Расіі. У 1913 г. яе сельская гаспадарка
давала 56,9 % нацыянальнага даходу, а прамысловасць – толькі 15 %. Пад
уплывам попыту рынку сельская гаспадарка Беларусі ўсё больш уцягвалася ў
гандлёва-эканамічныя адносіны, больш выразна праяўлялася яе спецыялізацыя
на вытворчасці малака, малочнай прадукцыі і мяса. Хутка пашыраліся плошчы
пад тэхнічныя і кармавыя культуры, асабліва бульбу і травы. Адбываўся
пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства. Да 1913 г.
істотна пашырылася выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі (малатарняў,
веялак, сеялак, жняярак, сенакасілак) у памешчыцкіх гаспадарках і ў заможных
сялян. У Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях значную ролю
ў павышэнні культуры земляробства і жывёлагадоўлі адыгрывалі ўведзеныя ў
1911 г. земствы. Яны арганізоўвалі агранамічныя, зоатэхнічныя і ветэрынарныя
службы, садзейнічалі продажу і пракату сельскагаспадарчай тэхнікі.
У пачатку ХХ ст. паскорыўся працэс распаду феадальнай і фарміраванне
буржуазнай зямельнай уласнасці. Да 1914 г. дваранскае землеўладанне ў
беларускіх губернях зменшылася на 12,7 %, пры гэтым 2/3 памешчыцкіх зямель
былі закладзены ў банках. Зямлю інтэнсіўна прадавалі дваране, чыноўнікі,
афіцэры, а куплялі пераважна заможныя сяляне, купцы, мяшчане.
Сталыпінская аграрная рэформа. Рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. паказала
асаблівую вастрыню ў Расіі аграрнага пытання і, як вынік, адсутнасць
дастатковай сацыяльнай падтрымкі самадзяржаўя з боку сялянства. Вырашыць
гэтыя праблемы павінна была сталыпінская аграрная рэформа (П.А. Сталыпін
– старшыня Савета Міністраў, міністр унутраных спраў: загінуў у 1911 г.). Яна
мела на мэце разбурэнне сялянскай абшчыны і стварэнне ў вёсцы шырокай
праслойкі эканамічна самастойных заможных сялян.
У адпаведнасці з указам ад 9 лістапада 1906 г. кожны селянін мог выйсці
з абшчыны і атрымаць зямлю, якой карыстаўся, у асабістую ўласнасць, прычым
на адным участку, на хутары. Такім чынам знішчалася сялянская абшчына і
абшчыннае землеўладанне, разбураліся населеныя пункты (вёскі), а разам з імі