Аднак у параўнанні з англійскай (сярэдзіна ХVІІ ст.) ці французскай
(канец ХVІІІ ст.) буржуазнымі рэвалюцыямі расійская рэвалюцыя адбывалася ў
новых умовах, калі рабочы клас і буржуазія ўжо сфарміраваліся як асноўныя
класы капіталістычнага грамадства. Сацыяльная база расійскай рэвалюцыі была
больш шырокай: у ёй прынялі ўдзел не толькі сацыяльныя пласты феадальнага
грамадства (сяляне, рамеснікі, гандляры), як гэта было ў Англіі і Францыі, але і
рабочы клас, і буржуазія, дэмакратычныя пласты ўсяго расійскага грамадства.
Асноўны ўдар рэвалюцыя скіроўвала супраць дваранства, памешчыкаў,
вышэйшых прадстаўнікоў чыноўніцтва і арміі, буйной манархічна настроенай
буржуазіі. Звяржэнне самадзяржаўя і правядзенне новых буржуазных рэформ
мусіла забяспечыць больш хуткае і бесперашкоднае развіццё капіталізму ў
Расіі.
Па сацыяльнай базе (дэмакратычныя пласты расійскага грамадства) і па
формах барацьбы (палітычная стачка, узброенае паўстанне) расійская
рэвалюцыя была дэмакратычнай. Таму рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. у
гістарыяграфіі называецца буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй.
Напярэдадні і ў ходзе рэвалюцыі сфарміраваліся тры грамадска-
палітычныя лагеры: урадавы, ліберальна-буржуазны і дэмакратычны. Кожны
з іх меў сваю сацыяльную базу, мэты і задачы. Урадавы лагер абапіраўся на
дваранства, вышэйшыя пласты чыноўніцтва і арміі, яго падтрымлівала буйная
манархічна настроеная буржуазія. Усе яны імкнуліся захаваць самадзяржаўе і
не дапусціць карэнных змен у дзяржаўна-палітычным ладзе Расіі. У ліберальна-
буржуазны лагер уваходзілі буйная і сярэдняя буржуазія, некаторыя
прагрэсіўныя памешчыкі, буржуазная інтэлігенцыя. Лібералы марылі аб
палітычных свабодах, жадалі ліквідаваць перажыткі феадалізму, але баяліся
рэвалюцыі і абмяжоўваліся толькі мірнымі сродкамі ўздзеяння на
самадзяржаўе. Дэмакратычны лагер складалі пралетарыят, сялянства,
радыкальна настроеная інтэлігенцыя, шырокія непралетарскія дэмакратычныя
пласты горада і вёскі. Іх агульнай найбліжэйшай мэтай было знішчэнне ўсіх
рэшткаў феадалізму, у тым ліку і памешчыцкага землеўладання, звяржэнне
самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі.
9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу было расстраляна мірнае шэсце рабочых,
якія накіроўваліся да цара з просьбай палепшыць становішча народа. Гэтая
падзея (“Крывавая нядзеля”) выклікала магутную хвалю пратэсту. Стачкі,
дэманстрацыі і мітынгі рабочых пракаціліся па ўсей краіне. Іх размах сведчыў
аб тым, што ў Расіі пачалася буржуазна-дэмакратычнвая рэвалюцыя.
У студзеньскія дні 1905 г. ў 30 гарадах і мястэчках Беларусі адбыліся
забастоўкі салідарнасці, у якіх удзельнічала 34 тыс. чалавек. Ініцыятарамі і
кіраўнікамі рэвалюцыйных выступленняў рабочых былі найперш Бунд і
РСДРП, у некаторых месцах – эсэры і БСГ. У студзені забастоўкі рабочых мелі
выразна палітычны характар.
У лютым – сакавіку агульная колькасць палітычных выступленняў рэзка
зменшылася, але адбылося значнае павелічэнне эканамічных забастовак. Новая