Беларусь знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да Цэнтральнага,
Пецярбургскага, Прыбалтыйскага і Польскага прамысловых раёнаў, у якіх
буйная прамысловасць склалася раней, чым у Беларусі. Таму ў апошняй
атрымалі развіццё галіны прамысловасці, заснаваныя на перапрацоўцы
сельскагаспадарчай сыравіны, лясной і мясцовай мінеральнай сыравіны, а
таксама рамесна-саматужная вытворчасць, што абслугоўвала побытавыя
патрэбы насельніцтва. У сістэме агульнарасійскага капіталізму Беларусь
уяўляла рэгіён з высокаразвітой лёгкай прамысловасцю.
Будаўніцтва чыгунак. Водны транспарт. Значнаму паскарэнню тэмпаў
развіцця прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст. спрыяла стварэнне
густой сеткі чыгуначных дарог. Першай праз тэрыторыю Беларусі прайшла ў
1862 г. Пецярбургска-Варшаўская чыгунка (праз Гродна). У 1866 г. пачала
дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка (Дзвінск – Полацк – Віцебск), у 1871 г. –
Маскоўска-Брэсцкая (Смаленск – Орша – Баранавічы – Брэст), у 1871 –
1874 гг. – Лібава-Роменская (Вільня – Маладзечна – Мінск – Асіповічы –
Бабруйск – Жлобін). У 1880-я гг. былі пабудаваны Палескія чыгункі (Вільня –
Баранавічы – Лунінец, Гомель – Лунінец – Пінск – Жабінка, Баранавічы –
Слонім – Ваўкавыск – Беласток). У 1902 г. адкрылася Пецярбургска-Адэская
магістраль (Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін). Увогуле даўжыня
чыгуначнай сеткі ў Беларусі з 1867 г. да 1904 г. вырасла ў 12 разоў. Чыгункі
звязалі Беларусь з галоўнымі індустрыяльнымі цэнтрамі Расійскай імперыі –
Пецярбургам, Масквой, Кіевам, Варшавай, прыбалтыйскімі партамі.
Важную ролю ў эканоміцы Беларусі адыгрываў рачны транспарт. Водныя
шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны транспарт у 1900 г.
налічваў 310 непаравых і 23 паравыя судны.
Гандлёвыя сувязі. Будаўніцтва чыгунак паскорыла развіццё ўнутранага і
знешняга гандлю. Хутка рос вываз як на рускі, так і на замежны рынак
прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці – масла, хлеба, яек, сыру, мяса
птушкі, садавіны, прычым значна зменшыўся вываз жывой жывёлы і рэзка
павялічыўся вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Спірт вывозіўся ў
Пецярбург, Маскву, Цвер, Кіеў, Растоў-на-Доне, Адэсу, Крамянчуг, а таксама за
мяжу.
За мяжу вывозіліся і тавары лесаперапрацоўчай, шкляной, керамічнай і
іншых галін прамысловасці. Галоўнымі экспартнымі таварамі ў Беларусі былі
лес і лён. На долю Беларусі, напрыклад, прыходзілася 54,1 % агульнарасійскага
экспарту лесу ў Германію. Прадукцыя запалкавых фабрык вывозілася ў Ромны,
Харкаў, Баку, Кішынёў, Уладзікаўказ, Варшаву; папера і кардон – у Кіеў,
Екацярынаслаў, Харкаў, Вязьму, Беласток, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай
прамысловасці збываліся ў Маскву, Кіеў, Адэсу.
З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага
гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. Гэта
сведчыла аб тым, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама