канструкцыі з прэпазіцыяй і постпазіцыяй даданага азначальнага, у якім
паўтараецца азначаемы назоўнік галоўнага сказа, і некаторыя іншыя.
Як сведчаць помнікі беларускай пісьменнасці, пераважная большасць
асноўных тыпаў складаназалежнага сказа, якія пры выражэнні аб’ектных,
атрыбутыўных, прасторавых, часавых, умоўных, прычынных, мэтавых і
іншых відаў сэнсавых адносін ужываюцца ў сучаснай беларускай мове,
бытавалі ўжо
ў XV — пачатку XVI ст. У структурных і семантычных
адносінах яны не адрозніваюцца ад адпаведных сінтаксічных канструкцый,
уласцівых сучасным рускай і ўкраінскай мовам. Гэта тлумачыцца
генезісам усходнеславянскіх моў, аднолькавасцю, нягледзячы на
некаторыя разыходжанні, умоў іх гістарычнага развіцця.
Удасканаленне структуры складаназалежнага сказа, што абумоўлена
дыферэнцыяцыяй сэнсавых адносін, якія выражаюцца састаўнымі часткамі
яго, цесна
звязана з фарміраваннем падпарадкавальных злучнікаў,
размеркаваннем, удакладненнем і стабілізацыяй семантычна-стылёвых
функцый іх. Аднак з прычыны таго, што традыцыі старажытнай
беларускай пісьменнасці былі страчаны яшчэ ў XVIII ст., а новая
літаратурная мова складвалася на дыялектнай аснове, спецыялізацыя
падпарадкавальных злучнікаў у ёй яшчэ не дасягнула таго ўзроўню, які
ўласцівы рускай мове. Гэта яскрава
відаць з таго, што самыя пашыраныя з
іх, а менавіта: што, каб, нібы, быццам, калі, як — ужываюцца для
выражэння не аднаго, а некалькіх відаў сэнсавых адносін.
Ва ўжыванні падпарадкавальных злучнікаў, а таксама злучальных і
суадносных слоў, якія пераважна паходзяць ад указальных і пытальна-
адносных займеннікаў і прыслоўяў, паміж рускай і
беларускай мовамі няма
поўнай адпаведнасці. Так, у беларускай мове канца XIV—пачатку XVI ст.
падпарадкавальныя злучнікі, царкоўнаславянскія па паходжанню,
адзначаюцца радзей, чым у старарускай і тагачаснай рускай мове.
Найбольш пашыранымі ў ёй з’яўляюцца спрадвечна рускія злучнікі і
злучальныя словы, побач з якімі ўжываліся семантычныя дублеты,
запазычаныя з польскай мовы. У далейшым
злучнікі-паланізмы, як і
царкоўнаславянскія па паходжанню, страчваюцца. Разам з тым (пераважна
ў перыяд складвання мовы беларускай нацыі) у сувязі з дыферэнцыяцыяй
ужо існаваўшых і ўзнікненнем новых значэнняў і адценняў утвараецца
шэраг складаных і састаўных падпарадкавальных злучнікаў, многія з якіх
па свайму лексічнаму складу адрозніваюцца ад адпаведных па значэнню
злучнікаў
у рускай і ўкраінскай мовах.
Няма адпаведнасці ва ўжыванні падпарадкавальных злучнікаў,
злучальных і суадносных слоў і паміж народнымі гаворкамі і беларускай
літаратурнай мовай. Апошняй у адрозненне ад першых уласціва тэндэнцыя
пазбягаць падпарадкавальных злучнікаў-дублетаў для выражэння аднаго і
таго ж значэння. Гэта, відаць, абумоўлена тым, што ў ёй, як і ў
любой
іншай літаратурнай мове, адбор і нармалізацыя граматычных паказчыкаў