Дзеяслоўныя формы з суфіксамі -ем-, -ім- у жывой народнай мове не
ўжываюцца. Як запазычанні (калькі) з рускай яны зрэдку выступаюць
кампанентамі ўстойлівых спалучэнняў: эксплуатуемыя масы, узводзімы
аб'ект. Звычайна рускія дзеепрыметнікі на -емый, -имый перакладаюцца
дзеепрыметнікамі з суфіксам -н- або прыметнікамі (несгибаемый –
незгінальны, незгінаны, арендуемый – арэндаваны, предполагаемый –
меркаваны) ці апісальна: які (што) не згінаецца (арэндуецца, мяркуецца).
Ролю незалежных дзеепрыметнікаў часта выконваюць дзеяслоўныя
формы з суфіксамі -н- (-ен-, -ан-, -ян-), -т-: Волька выйшла з адчыненых
сянец, відаць, сабраная на работу (Я. Скрыган). Хвіліну стаяла [жанчына]
так, выпрастаная, нерухомая (І. Мележ). Вырэзваюць сухія, пашкоджаныя
або няправільна сфарміраваныя галінкі (БелСЭ). На кій абапёрты, стары і
абдзёрты, ішоў падарожны адзін (Я. Купала).
Паняцце незалежнага стану грунтуецца на лексічным значэнні
дзеяслова: сабраны ўтворана ад сабрацца (а не сабраць), выпрастаны – ад
выпрастацца (а не выпрастаць). Болей выразная, граматычна адназначная
форма дзеясловаў непераходных: запознены месячык – ад запазніцца,
разбушаванае мора – ад разбушавацца. У рускай мове згаданым словам
адпавядаюць дзеепрыметнікі (прыметнікі) з суфіксам -вш- (собравшийся,
выпрямившийся, разбушевавшийся і пад.). Усталяванню гэтай катэгорыі
слоў, якая павялічваецца за кошт усё новых утварэнняў, паспрыяла тое,
што беларускай мове дзеепрыметнікі на -ўш-, асабліва з постфіксам -ся, не
характэрныя. Аднак у беларускай граматыцы яны яшчэ не апісаны, не
вылучаны ў асобную групу.
Аналагічныя ўтварэнні вядомыя і рускай мове (С. П. Абнорскі, В. У.
Вінаградаў). Даследчыкі сучасных рускіх гаворак адзначаюць:
"Адсутнасць у дыялектнай мове асобнага разраду ў сістэме дзеяслоўных
формаў *– дзеепрыметнікаў незалежнага стану – ставіць у асаблівае
становішча дзеепрыметнікавыя формы з суфіксамі -н-, -т-: яны значна
больш свабодна, чым у літаратурнай мове, утвараюцца ад непераходных
дзеясловаў, беручы на сябе тым самым функцыі дзеепрыметнікаў
незалежнага стану"
1
. Падамо некаторыя з прыведзеных аўтарамі
прыкладаў: валятый, выгнитый, выеханый, отжитый, отелёная,
повяный, помыканый, разойдёный, созретый.
У беларускай літаратурнай мове, якая сваімі вытокамі, асновай мае
мясцовыя гаворкі, з якіх, не спыняючыся, яна сілкуецца і сёння,
аддзеяслоўныя ўтварэнні з суфіксамі -н-, -т- вельмі арганічна ўваходзяць у
сістэму яе лексіка-граматычных сродкаў. Многія з іх падаюцца ў
акадэмічным Тлумачальным слоўніку, напрыклад: аджыты, выцягнуты,
задзёрты, задуманы, задыханы, заезджаны, запечаны, заплаканы,
запознены, запыханы, заспаны, застоены, затоены, зацяганы, здарожаны,
1
Кузьмина Н. Б., Немченко Б. В. Синтаксис причастных форм в русских говорах. М., 1972. С. 303 — 304.