Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
Прыметнікі з прэфіксамі адпрыназоўнікавага паходжання ад-, без-, да-,
за-, звыш-, каля-, між-, на-, пад-, над-, паза-, пасля-, перад-, пры- – гэта
дэрываты рознай структуры, мона- і поліматываваныя. Яны часцей
называюць прымету праз адносіны да неадушаўлённых прадметаў рознай
семантыкі і выражаюць агульнае словаўтваральнае значэнне прасторавага
або часавага зместу (пазалеташні
, перадвясельны, міжкраёвы,
падснежны), або адсутнасць чаго-небудзь (безазёрны, бяскласавы,
бясшумны).
Словаўтваральная структура адных вытворных празрыстая, выразная, а
таму мае адназначнае вытлумачэнне адносна матывацыі і спосабу
ўтварэння. Напрыклад: міжгародні, зарэчны, настольны, падстрэшны –
вытворныя прэфіксальна-суфіксальнага спосабу, паколькі
беспрэфіксальныя карэляты, якія існуюць у мове, маюць у сваім складзе
або іншыя суфіксы (міжгародні –
гарадскі), або адрозніваюцца
акцэнталагічна (зарэчны – рачны), або зусім не маюць суфіксальнага
карэлята (падстрэшны).
Разыходжанні ў вызначэнні спосабаў словаўтварэння ўзнікаюць
пераважна тады, калі беспрэфіксальныя карэляты фармальна супадаюць з
функцыянальна наяўнымі ў мове прыметнікамі.
Калі ўлічыць, што словаўтваральная матываванасць – заўсёды з’ява
двухбаковая, фармальна-семантычная, то такога роду вытворныя можна
разглядаць як многаматываваныя
(поліматываваныя), гэта значыць такія,
што могуць утварацца двума спосабамі: прэфіксальным (пры матывацыі
прыметнікам) і прэфіксальна-суфіксальным (пры матывацыі назоўнікам).
Напрыклад, прыметнікі завоблачны, міжкантынентальны,
пасляабедзенны семантычна матывуюцца не толькі назоўнікамі воблака,
кантынент, абед, але і спалучэннямі назоўнікаў з прыназоўнікамі: за
воблакамі, між кантынентамі, пасля абеду. Гэта дазваляе адносіць іх да
прэфіксальна
-суфіксальных утварэнняў. Разам з тым іх значэнне можа
быць вызначана праз семантыку суадносных суфіксальных прыметнікаў,
якія па сваіх лексіка-граматычных значэннях з’яўляюцца адноснымі і
выражаюць агульнае значэнне прыметы праз адносіны да прадмета:
кантынентальны ‘які мае адносіны да кантынента, знаходзіцца на
кантыненце’, абедзенны ‘які мае адносіны да абеду’. Агульнае значэнне
адноснасці захоўваецца ў прыметніках і тады, калі да іх далучаецца
прэфікс. Аднак такія адносіны канкрэтызуюцца ў залежнасці ад значэння
прэфікса, гэта значыць, што прэфікс праяўляе сябе ў поўнай адпаведнасці з
тыповай для яго функцыяй як семантычна мадыфікацыйны кампанент.
Параўн.: завоблачны – ужо не проста ‘які адносіцца да воблака’, а ‘які
знаходзіцца за
воблакамі, вышэй воблакаў’; міжкантынентальны – ‘які
адбываецца, выкарыстоўваецца паміж кантынентамі’; пасляабедзенны –
‘які бывае, адбываецца пасля абеду’.