165
вёску: “У Клімавічах, як і ва ўсіх іншых вёсках, насельніцтва было амаль
выключна карэннае. Хлопцы жаніліся перш за ўсё зь дзяўчатамі з свае вёскі,
або з суседніх, зь якімі знаёміліся на царкоўных сьвятах ці на вечарынках.
Такім чынам сваяцтва завязвалася паміж жыхарамі наагул аднаго царкоўнага
прыходу. Межы такога прыходу й вызначалі абсяг вядомага сьвету для
большасьці прыхаджанаў, калі не лічыць тых хлопцаў, якіх бралі ў войска”
561
.
Уладзіслаў Сыракомля пісаў пра тагачаснага селяніна: “Панскі двор, блізкае
мястэчка, царква і карчма — вось адзіныя пункты, вакол якіх душой і целам
кружыцца ён увесь свой век”
562
.
Сяляне суседняй лякальнай супольнасьці хоць і разглядаліся ўжо як чужыя,
але такія ж самыя мужыкі, зь якімі можна было радніцца. Тым часам мясцовы
шарачковы шляхціч быў ня столькі чужым, колькі сваім-іншым. Такім жа
сваім-іншым зьяўляўся габрай-карчмар і нават мясцовы пан-дзедзіч ці
аканом. Гэтыя тыповыя пэрсанажы традыцыйнага грамадзтва адначасова
належалі як да мясцовай лякальнай супольнасьці, так і да іншых,
надлякальных і больш мабільных структураў. Паміж імі і сялянамі пралягала
глыбокая “разора” станавай адрознасьці, характэрная для традыцыйнага
вясковага грамадзтва. Напрыклад, шлюбы паміж людзьмі з гэтых групаў
здараліся вельмі рэдка. Увогуле, сяляне-беларусы не былі закрытыя ў
дачыненьнях з тымі, хто ў герархіі грамадзтва быў блізкі да іх паводле
сацыяльнага статусу. Б.Грабінскі ўзгадвае, што хата яго дзеда Мацея
Станкевiча “была месцам начлегу ўсім, хто меў патрэбу пераначаваць у вёсцы.
Жабрушчы дзед, жыд — гандляр збожжам ці жывёлаю, жыдоўка з кашом,
што купляе яйкі й прадае іголкі, ґузікі ды цукеркі, а зімою — сям’я цыганоў, —
усе ведалі, што начлег пэўны. Некаторыя зь іх былі заўсёдашнімі начлежнікамі
шмат гадоў. Жыдоўку з Дубровы, Фэйґу, мы, дзеці, называлі цёткаю. Яна, як
прыйдзе нанач, памагае матцы варыць вячэру (рабіла смачную зацерку), а як
матка занятая, а каторае з нас, дзяцей, перад сном мовіла пацер і ня ўмела
добра, то яна памагала пераказаць пацер”
563
.
Р.Радзік сьцьвярджаў, што тыя асобы, якія не належалі да вясковай
грамады, успрымаліся сялянамі ня толькі праз прызму іх этнічнай
прыналежнасьці, а найперш праз катэгорыі стану, клясу, прафэсіі або
спалучэньня назову народу з прафэсіяй, атаясамленьне аблічча асобы з
станавай прыналежнасьцю і г.д.
564
Прычым асабліва важнымі маркёрамі былі
мова і адзеньне ці, шырэй, аблічча асобы. Польскамоўны пісьменьнік Ігнат
Яцкоўскі так характарызаваў беларускае сялянства ў 1858 г.: «Сялянства
наша на Літве ў рускай (беларускай. — С.Т.) гаворцы ня мае выразу “войска”,
пад выразам жа “маскалі” ўяўляюць сабе салдат або войска, бо “маскалёў” яно
прывыкла бачыць толькі ў мундзірах, — не вайсковыя, якія зьявяцца,
называюцца “бурлакамі”, і такіх селянін наш ніколі “маскалём” не назаве.
Рускі у фраку называецца “панам”, а з чырвонай абводкай на шапцы —
кожны “асэсар”»
565
. Такім чынам, падкрэсьлім яшчэ раз, і спосаб мысьленьня, і
561
Жамойцін Я. З перажытага // Лёс аднаго пакалення. Беласток, 1996. С. 51.
562
Сыракомля У. Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка / Уклад. і камент. У.Мархеля, К.Цвіркі. Мінск:
Мастацкая літаратура, 1993. С. 317.
563
Грабінскі Б. Сакольшчына – Горадня – Вільня // ARCHE. № 5. 2000. С. 182.
564
Radzik R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową... S. 178.
565
Цыт. па: Кісялёў Г.В. Пачынальнікі... С.190 (Гл. арыгінал Ignacy J. Powieść z czasu mojego czyli przygody
litewskie. Poznań, 1858, 1892. S. 264).