395
прыводзіў да павелічэньня сацыяльнай групы дзьвюх- і шматмоўных
адукаваных людзей, для якіх праблема самаідэнтыфікацыі была вельмі
актуальнай. Шмат для каго зь іх мова дзяцінства і культура іхнае вёскі
заставаліся (а часам якраз станавіліся ў новых умовах) важнай каштоўнасьцю.
Далучэньне іх да нацыянальнага руху было галоўным шанцам для беларускіх
дзеячоў. Несумнеўна, што беларускі рух разьвіваўся ў надзвычай неспрыяльных
умовах. На пачатку ХХ ст. беларускімі дзеячамі было створана дастаткова шмат
тэкстаў, якія склалі канон нацыянальнай культуры і адрасаваліся менавіта
сялянам, але ў тых палітычных і сацыякультурных умовах гэтыя тэксты не
маглі мець масавага распаўсюджаньня сярод вясковага насельніцтва.
Падзеі Першай сусьветнай вайны і расійскай рэвалюцыі гвалтоўна
прысьпешылі разьбіцьцё замкнёнасьці сялянскіх лякальных супольнасьцяў.
Важную ролю адыграла бежанства вялізнай масы заходнебеларускіх сялянаў
праваслаўнага веравызнаньня на ўсход, а затым яго вяртаньне ў краіну, ужо
шмат у чым інакшую. Ва ўмовах руйнаваньня даваеннай сацыяльнай герархіі й
палітычнай сыстэмы найбольш актыўная і адукаваная частка сялянскага
грамадзтва Заходняй Беларусі далучылася да нацыянальнага руху,
намагаючыся ўтварыць новыя надлякальныя сувязі, грунтаваныя на ідэях
незалежнай беларускай дзяржаўнасьці. Усталяваньне польскай улады было
адмоўна ўспрынята большасьцю праваслаўнага вясковага насельніцтва, якое
перажыло востры духоўны крызыс, выкліканы крахам імпэрыі, стратай
панавальнага статусу праваслаўнай царквой і вельмі цяжкім матэрыяльным
становішчам пасьля вяртаньня зь бежанства. У гэтай сытуацыі сярод сялянскіх
масаў узмацніліся міленарыстычныя настроі, узьнікла сытуацыя напружанага
чаканьня нейкіх незвычайных падзеяў. Назіралася крайняя радыкалізацыя
стаўленьня да тагачаснага грамадзкага парадку, якая падагравалася грубай
асыміляцыйнай палітыкай польскіх уладаў. Гэта шмат у чым тлумачыць
папулярнасьць у вясковым асяродзьдзі, найперш праваслаўным,
камуністычных ідэй, што яскрава праявілася, напрыклад, ў працэсе імклівага
росту Беларускай работніцка-сялянскай грамады. Сацыяльныя надзеі сялянаў
спалучыліся з нацыянальным уздымам. Вяскоўцы галасавалі на выбарах за
беларускіх кандыдатаў, падпісвалі дэклярацыі на адкрыцьцё беларускіх школ,
ахвотна чыталі беларускія газэты і зь вялікім энтузіязмам наведвалі вечарыны
й тэатральныя пастаноўкі на беларускай мове. У 1920-х гадох беларускі
нацыянальны рух дасягнуў найвышэйшага ў сваёй гісторыі ўздыму і самай
масавай падтрымкі насельніцтва.
Аднак польскім уладам у канцы 1920-х – на пачатку 1930-х гадоў удалося
разграміць легальныя структуры беларускага нацыянальнага руху. У выніку
гэтага вёска была фактычна адарваная ад высокай беларускай культуры.
Спыніўся або катастрафічна зьменшыўся доступ да мясцовых сялянаў
беларускага друкаванага слова, а бальшыня сялянскай моладзі была адлучаная
ад усялякай культурна-асьветнай працы. Рэпрэсіўнай палітыцы дзяржаўных
уладаў спрыялі найперш нутраныя асаблівасьці заходнебеларускага
грамадзтва: слабасьць гарадзкога беларускамоўнага асяродзьдзя, адсутнасьць
трывалых надлякальных структур (духавенства, настаўніцтва, чынавенства),
павышаная экзальтаванасьць масаў сялянскага насельніцтва, якія вельмі
ахвотна адгукаліся на радыкальныя сацыяльныя ідэі. Значная частка вясковых
актывістаў пад ціскам несупыннага паліцыйнага перасьледу ўсё болей