366
Родныя ўспамінаюць, што малады і прыгожы Пятрусь быў даспадобы многім
дзяўчатам, але прынцыпова не зьвяртаў на іх увагі, нават пад час танцаў з
гармонікам сядзеў за сталом і пісаў нешта ў свае сшыткі.
У 1927 годзе П.Сяўрук узначаліў гарадзенскую павятовую ўправу
Таварыства беларускай школы. Нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ён
карыстаўся бясспрэчнай павагай сваіх старэйшых сяброў. “Як я змог
пераканацца, Вы зьяўляецеся сапраўдным старшынёй, на якім усё апіраецца”,
– пісаў П.Сяўруку вядомы вучоны і палітычны дзяяч Ігнат Дварчанін. Тым ня
менш 1927 і 1928 гады сталі для П.Сяўрука часам вялікіх расчараваньняў.
Далёкі ад палітыкі, Пётр не хацеў уцягваньня Таварыства беларускай школы ў
палітычную барацьбу, бо ведаў, што для польскай адміністрацыі гэта будзе
зручнай зачэпкай, каб зьнішчыць гэтую культурную арганізацыю. Больш за
тое, ён пакрысе пачынаў разумець, што кіраваная з усходу палітыка
заходнебеларускіх леварадыкальных арганізацый вядзе ня гэтак да ўзьняцьця
агульнага роўню палітычнай і нацыянальнай сьведамасьці насельніцтва, як да
бунтаваньня народу з мэтай узьвесьці непераадольны бар’ер паміж беларусамі
і польскімі ўладамі. У канцы 1928 году ў лісьце да аднаго свайго сябра Сяўрук
пісаў: “Вы думаеце, што прычына майго перасьледу — удзел у беларускім руху.
Гэта фактычна так, але рэч у тым, што беларускі рух перасьледуюць, бо ён
рэальна зьвязаны з камунізмам. Я вельмі добра ведаю, што ўсе словы пра тое,
нібыта беларускі рух дарэмна зьмешваюць з камунізмам, папросту
фальшывыя. Я ня бачу, каб улады ў чым-небудзь памыляліся. Чыста
нацыянальны беларускі рух у нас нагэтулькі слабы, што яны могуць баяцца
яго ня болей, чым пацыфісцкага або ўсялякага іншага. І па-сутнасьці
разьвязаньне беларускага пытаньня ў нас праблематычнае ня дзеля прыгнёту
з боку ўраду, але, на маю думку, галоўным чынам з прычыны камуністычнай
дзейнасьці. Як урад, так і камуністы ажыцьцяўляюць у дачыненьні да
беларускага пытаньня кансьпірацыйную палітыку, і кожны стараецца
выкарыстаць гэты рух для сваіх мэтаў, бо і адны і другія перашкаджаюць
нацыянальным памкненьням”.
Увесну 1929 году, бачачы, што беларускі рух канчаткова збочыў у рэчышча
дыктаваных з усходу лёзунгаў, П.Сяўрук зьвярнуўся да лідэраў Беларускага
пасольскага клюбу “Змаганьне” зь лістом, дзе выказаў сваё бачаньне
тагачаснай сытуацыі. Гэты ліст ня быў надрукаваны, што, аднак, не прыніжае
гістарычнага значэньня звароту да беларускіх правадыроў. Ён фактычна
падвёў мяжу пад эпохай масавага беларускага нацыянальна-вызвольнага руху
першай паловы ХХ ст., сымбалямі якога сталі беларусізацыя ў Савецкай
Беларусі і Беларуская сялянска-работніцкая грамада ў Беларусі Заходняй. У
1930-х гг. беларускія арганізацыі ў Польшчы былі амаль задушаныя, БССР
заліў крывавы патоп, у якім, дарэчы, загінулі і правадыры “Змаганьня”. Так ці
інакш, але Пётра Сяўрук стаўся прарокам наступных некалькіх
дзесяцігодзьдзяў беларускай гісторыі. Ён падкрэсьліў, што беларус найперш
павінен зразумець самога сябе, вывучыць сваю гісторыю, мову, падняць сваю
сьведамасьць да нармальнага эўрапейскага роўню і менавіта гэта павінна
быць мэтай правадыроў руху.
Частыя турэмныя зьняволеньні і цяжкая праца выклікалі сухоты. Пётра
доўга змагаўся з хваробай, да апошняга моманту працягваў пісаць. У
кастрычніку 1929 году Пётры ня стала. Гора сваякоў пераплялося з