Актуальнай стала новая задача стварыць перадумовы для пераходу ад
спаду вытворчасці да яго стабілізацыі і некатораму росту. У гэтых мэтах былі
распрацаваны і зацверджаны Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага
развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996 – 2000 гг. Прыярытэты: экспарт, жыллё,
харчаванне.
У якасці перспектыўнай прынята мадэль сацыяльна арыентаванай
рынкавай эканомікі, якая будуецца па прынцыпах канстытуцыйных гарантый
асабістых правоў і свабод грамадзян, свабоды прадпрымальніцтва, выбару
прафесіі і месца працы, роўнасці ўсіх форм уласнасці, гарантыі яе
недатыкальнасці і выкарыстання ў інтарэсах асобы і грамадства, забеспячэння
ўзаемасувязі дабрабыту работніка і вынікаў яго працы, сацыяльнай абароны
непрацаздольных і іншых сацыяльна ўразлівых пластоў насельніцтва,
сацыяльнага партнёрства (паміж дзяржавай, прафсаюзамі і саюзамі
прадпрымальнікаў). Сацыяльная арыентацыя рынкавай эканомікі дазваляе, з
аднаго боку, захаваць сацыяльныя заваёвы народа, а з другога –
выкарыстоўваць рынкавыя механізмы для павышэння эфектыўнасці
эканамічнай сістэмы, яе ўспрымальнасці да навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Ствараючы ўмовы для рынкавай эканомікі, дзяржава ў сваёй эканамічнай
палітыцы павінна імкнуцца да дасягнення такіх прынцыповых мэтаў, як рост
дабрабыту народа, высокая ступень занятасці, спрыяльная для жыцця
навакольнага асяроддзя.
Для гэтага неабходна:
— назіранне за сацыяльнымі індыкатарамі эканамічнага развіцця,
уключаючы экалагічныя паказчыкі;
— змякчэнне праблемных эканамічных сітуацый;
— садзейнічанне эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу.
Грамадская думка рэспублікі не падтрымлівала ідэалогію, “скачка ў
рынак”. З 1990 г. па 1998 г. (з 30% да 15%) знізілася колькасць прыхільнікаў
радыкальнага і хуткага пераходу да рынку. Больш за 40% рэспандэнтаў
выступаюць за працяглы, але сацыяльна кантраляваны пераход да рынку.
У масавым усведамленні грамадзян Беларусі дамінуючае становішча па-
ранейшаму займаюць каштоўнасці і арыентацыі мінулай эпохі. Сацыялагічныя
даследаванні сведчаць, што пераважнай формай грамадскага ладу ў Беларусі ў
1996 – 41%, а ў 1998 г. – 42% грамадзян назвалі сацыялізм. За капіталізм пры
гэтым выказалася, адпаведна 17% і 23% рэспандэнтаў. Такім чынам, для многіх
грамадзян рэспублікі так і не зразумелы сапраўдныя мэты ажыццёўленых
пераўтварэнняў. Усё гэта сведчыць і аб нежаданні насельніцтва адмовіцца ад
сацыяльных гарантый ранейшага грамадскага ладу, сацыяльных каштоўнасцей.
На сённяшні дзень сярод краін СНД на долю Рэспублікі Беларусь
прыходзіцца 0,9% тэрыторыі, 3,6% насельніцтва. Адначасова рэспубліка
вырабляе 26,1% мінеральных угнаенняў, 53,7% хімічных валокан і ніцяў, 33,8%
металарэжучых станкоў, 6,7% грузавых аўтамабіляў, 58,7% трактараў, 27,4%
тэлевізараў, 33,4% халадзільнікаў і маразільнікаў, 11,4% тканіны, 13,3%
бульбы, 7,7% малака і мяса, 6,7% яек.