Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры таго часу – пшаніца, лён, проса.
Паралельна ляднай сістэме земляробства ужывалася матычнае
земляробства. Яно не атрымала шырокага распаўсюджання, бо на Беларусі
былі стрымлівальныя фактары:
- нізкая ўрадлівасць глебы;
- адсутнічалі вялікія прасторы, свабодныя ад лясоў.
З’яўленне новых формаў гаспадарання мела вынікам значнае расшырэнне
спісу прылад працы. Толькі земляробства прынесла з сабой матыкі, сярпы,
зернацёркі, паспрыяла ўдасканаленню сякеры і г.д.
Далейшае развіцце ў неаліце атрымала рыбалоўства. Гэта было звязана з
вынаходніцтвам лодкі. Лодка (човен) – не толькі сродак больш дасканалага
рыбалоўства, але яшчэ і першы транспартны сродак. З’яўленне лодкі
стымулявала больш актыўны абмен і развіццё суднаходства. У неаліце была
удасканалена сетка, яна мела некалькі розных відаў, мела некалькі
прызначэнняў. Усё гэта павялічыла аддачу ад рыбалавецкага занятку.
У неаліце узнікла вытворчасць першага штучнага матэрыялу – абпаленай
гліны. З гліны выраблялі ляпны посуд. Сасуды былі недакладнай формы, але
ужо мелі розную функцыянальную накіраванасць (гатоўка, захоўванне
харчавання, культавыя патрэбы і г.д.).
У неаліце з’явілася адзенне з тканіны, што атрымлівалі ад хатняга
промыслу – ткацтва. Сыравіна выкарыстоўвалася як прыродная (крапіва,
канопля), так і вырошчвалася на палетках (лён).
У неаліце на Беларусі ўзнікла вытворчасць прылад працы з крэмню з
мэтай абмену. Гэтая з’ява цесна звязана з існаваннем чырвонасельскіх шахтаў.
Старажытныя шахты былі выпадкова выяўлены ў Ваўкавыскім раёне каля
пасёлка Чырвонае Сяло ў 1962 годзе. Аб існаванні спецыялізацыі ў вытворчасці
прылад працы можна гаварыць на падставе наступных фактаў:
існавала ўстойлівая канструкцыя шахтаў. Былі выпрацаваныя
галоўныя правілы пабудовы шахтаў – прыладка ствалоў, штрэкаў, устаноўка
стаўбоў, функцыянаванне сістэмы вентыляцыі і асвятлення;
апрацоўка крэмню праводзілася аднастайнымі тэхналагічнымі
прыёмамі;
канчатковая прадукцыя крэмнеперапрацоўчых майстэрань мела
стандартны выгляд.
Акрамя майстэрань у непасрэднай адлегласці ад шахтаў, былі майстэрні і
ў іншых рэгіёнах Беларусі. Такія знойдзены каля Оршы, у Быхаўскім раене, у
Брэсцкай вобласці. Перапрацоўшчыкі камню карысталіся новымі
тэхналагічнымі прыёмамі – пілаваннем, шліфаваннем, свідраваннем, што
ўзніклі на прыканцы неаліту. Больш дасканалыя прылады працы, якімі было
прасцей працаваць, садзейнічалі росту вытворчасці працы. З’яўленне лішкаў
прадукцыі стымулявала ўзнікненне абмену.
Абмен у неаліце існаваў у дзвюх формах: абмен у межах абшчыны –
ажыццяўляўся на падставе ўраўняльнага размеркавання; абмен паміж
спецыялізаванымі абшчынамі земляробаў і жывёлаводаў – існаваў у адвольнай
форме, бо яшчэ не існавала агульнага эквіваленту мены.