Лівонскай вайне і, у прыватнасці, страта Полацка была самым моц-
ным палітычным і ваенным паражэннем ВКЛ за ўсю гісторыю
войнаў з Маскоўскай дзяржавай на працягу XIV—XVI стст. Узяцце
войскам Івана Грознага Прыбалтыкі і Полацка прывяло да таго,
што ўся ўсходняя і цэнтральная часткі Беларусі былі адсечаны ад
мора, а гэта быў цяжкі ўдар па гандлі. Гэта вайна, як адзначалі
пазней польскія палітыкі, прыгнала ВКЛ да уніі з Польшчай. Па
словах Мікалая Радзівіла, які ўзначальваў магнацкую апазіцыю уніі
ў Любліне, "на нашым хрыбце быў вораг, калі мы ехалі сюды,
жадаючы пастанавіць з вамі унію, якая б аб'яднала нас узаемнаю
любоўю, і, калі казаць праўду, мы пачалі імкнуцца да яе амаль
бегам, тады як продкі нашы ішлі да яе вельмі паціху ".
Адна з важных прычын уніі 1569 г. — супярэчнасці ў пануючым
саслоўі ВКЛ. У першай палове XVI ст. на змену рэлігійным супярэч-
насцям, уласцівым палітычнаму жыццю княства ў XIV—XV стст.,
прыходзяць іншыя — супярэчнасці паміж магнатэрыяй (багатай
шляхтай) і шляхтай сярэдняй ды дробнай. Пераважнае, дамінуючае
становішча ў дзяржаве належала магнатам, якія адціскалі шляхту на
другі план. Элітарнае магнацтва мела амаль неабмежаваную ўладу ў
ВКЛ. На сойме паны-рады праводзілі толькі свае рашэнні, мані-
пулюючы большасцю шляхты, якая не мела ніякай рэальнай улады.
Радны Альбрэхт Гаштольд параўноўваў соймы польскага і літоўскага
ўзораў: "... соймы нашы (у ВКЛ) праходзяць зусім інакш: што выра-
шае гаспадар і паны-рада, тое шляхта абавязкова прымае да выка-
нання; мы ж запрашаем шляхту на нашыя соймы як бы для гонару,
дзеля таго, каб усе ведалі, што мы вырашаем". I на павятовых
соймах — органах шляхецкага самакіравання, якія былі створаны
паводле рэформы 1565—1566 гг., таксама рэй вялі буйныя земле-
ўласнікі. Пераконваюць у гэтым сведчанні сучаснікаў. Вось адно з
іх: "Там (у ВКЛ) шляхта не прымае ўдзелу ні ў якіх нарадах, там
паны робяць, што захочуць... Там прыязджаюць на соймік толькі
ваявода, стараста ды харужы, напішуць, што ім уздумаецца, і
адправяць да земяніна дахаты, каб падпісаў. Калі ж ён не падпіша,
то яны аддубасяць яго палкамі..."
У Польскім каралеўстве на той час шляхта ўжо мела "залатыя
вольнасці", доступ да ўлады, рашуча ўплывала на ўнутраную і
334