пры перагаворах з Візантыяй у 40-я гады Х ст. [20,с.233-239]. Але нават, калі
рускае пасольства і выступала ад імя Кіеўскай Русі, як адзінай дзяржавы, яно
павінна было ўлічваць інтарэсы ўсіх яго зямель, асабліва ў вобласці гандлёва-
эканамічнай. Невыпадкова ў складзе пасольства былі купцы (26 чалавек). Аб іх
удзеле гаворыцца і ў самой грамаце, у яе пачатку (“Мы от рода рускаго съли и
гостье”) і ў заключнай частцы, дзе пасля пераліку купцоў, якія ўвайшлі ў склад
пасольства, сказана: “...послание от Игоря, великого князя рускаго и от всякоя
княжья и от всех людей Руская земли” [21,с.34-35].
Прадстаўнічы характар мела таксама пасольства Вольгі ў Канстанцінопаль у
957 г., у час якога мабыць быў пацверджаны і пашыраны дагавор 944 г. У ім,
акрамя ўсіх іншых (колькасць пасольства перавышала 100 чалавек), было 20
паслоў рускіх князёў і 43 ці 44 купцы. Аб тым, што гэтыя купцы былі с тых
зямель, ад імя якіх выступалі рускія князі, гаворыць запіс у адным з дакументаў,
які апісваў цырымонію прыёму пасольства княгіні Вольгі: “Вслед за ней вошли
послы руских князей и купцы стали позади у завесы” [22,с.93-94].
Наладжваючы сувязі з паўдневымі і ўсходнімі краінамі, Старажытная Русь у
той жа час актыўна процідзейнічала набегам, якія рабілі тады на
ўсходнеславянскія землі хазары, печанегі, торкі, полаўцы і іншыя качэўнікі.
Вядома, напрыклад, што радзімічы адзін час знаходзіліся ў залежнасці ад хазар,
уплачвалі ім даніну. Аднак у гады праўлення кіеўскага князя Алега гэта
залежнасць была ліквідавана. Рашучы ўдар па Хазарыі нанес Святаслаў, які зрабіў
шэраг паходаў на яе. Не выключаецца ўдзел у гэтых паходах і прадстаўнікоў
княстваў Верхняй ці Паўночнай Русі, у тым ліку і палачан бо паходы на Хазарыю
мелі на ўвазе як палітычныя, так і эканамічныя мэты, звязаныя з устанаўленнем
кантролю над гандлёвымі шляхамі з паўднёвымі і ўсходнімі краінамі, а ў гэтым
былі зацікаўлены ўсе ўсходнеславянскія княствы. Мэта паходу, піша У.Пашута
(гаворка ідзе аб паходзе Святаслава ў 965 г. – заўвага аўтара) “заключалася не
толькі ў разгроме Хазарыі, але і ў тым, каб узяць у рускія рукі кантроль над
гандлёвымі шляхамі ў Харэзм, Багдад, Канстанцінопаль, па Волзе, Дону, на
Керчынскім праліве, на Паўночным Каўказе, адкрыць дарогу на Каўказ і трывалай
нагою стаць у Крыму” [23,с.93-94].
Агульнаславянскі характар насіла барацьба з печанегамі, торкамі,
полаўцамі. Так, да будаўніцтва засечнай лініі з усходу ад Кіева, па рэках Дзясне,
Остэру, Трубежу і Суле кіеўскі князь Уладзімір прыцягнуў амаль усе плямёны,
залежныя ад яго, у тым ліку і прадстаўнікоў крывічоў. У летапісе аб гэтым сказана
так: “Се не добро, еже мало город около Кыева. – И нача ставити городы по Десне
и по Въстри и по Трубешиви и по Суле и по Стугне. И нача нарубати муже лучшие
от словень, и от кривичь, и от чуди, и от вятичъ, и от сихъ насели грады; бе бо рать
от печенегъ. И бе воюяся с ними и одолая имъ” [24,с.83].
Княствы, якія склаліся на тэрыторыі Беларусі, прымалі ўдзел і ў барацьбе з
торкамі і полаўцамі, якія апасля печанегаў прадстаўлялі сур’ёзную небяспеку для
Старажытнай Русі. Так, у крыніцах зафіксаваны ўдзел полацкага князя Усяслава у
паходзе супраць торкаў ў 1060 г. Есць падставы сцвярджаць, што Усяслаў Полацкі
адыграў немалаважую ролю і ў арганізацыі барацьбы з полаўцамі ў час свайго
сямімесячнага праўлення ў Кіеве. Гісторык В.Тацішчаў адзначаў, што ў час