П’янкова, уваходзілі не толькі крывічы, але і землі, якія займалі суседнія
дрыгавічы, радзімічы, вяцічы і севяране [23,с.163-164]. Можна сцвярджаць, что на
базе гэтага саюза паступова склалася і дзяржаўнае ўтварэнне – княжанне ,
цэнтрам якога стаў Полацк. Аб палачанах як жыхарах гэтага княжання гаворыцца
ў “Аповесці мінулых гадоў”. Вось як піша старажытны летапісец; “И по сихь
братья держати почаша род ихъ княженье в полях, а в деревлях своё, а дреговичи
свое, а славяне свое в Новгороде, а другое на Полоте, иже полочане” (вылучана
намі – П.Дз.) [24,с.13]. Летапісец пры гэтым разглядае палачан менавіта як частку
крывічоў, аб чым таксама ёсць адпаведны запіс у “Аповесці мінулых часоў”.
Аналіз летапісных дадзеных паказвае, што як дзяржаўнае ўтварэнне княжанне ў
палачан існавала ўжо ў ІХ ст. Менавіта тады ўпершыню названы горад Полацк
(862 г.) і, трэба меркаваць, у палачан у той час быў князь, магчыма з Рурыкавічаў.
У Х ст. дзяржаўны характар гэтага княства становіцца зусім відавочным. Тады у
адносінах да яго ў летапісах усё часцей сталі ўжывацца такія паняцці, як
“воласць”, “зямля”, (тэрмін “Полацкая зямля” упершыню упамінаецца ў летапісе
пад 1128 г.) у якія ўкладваўся дзяржаўна-палітычны сэнс [25]. У летапісы названа
і імя полацкага князя – Рагвалода. Летапісец адзначае, что гэты князь “...
держащю и владеющю и княжащю Полотьскую землю” [26,с.320]. Магчыма ён
быў скандынаўскага паходжання (“пришел из-за моря”). Некаторыя гісторыкі
лічылі, што Рагвалод прыбыў на Русь яшчэ пры кіеўскім князі Святаславе, да
якога паступіў на службу, атрымаўшы ў кіраванне Полацкую воласць. М. Доўнар-
Запольскі выводзіў паходжанне Рагвалода з заходніх славян, а беларускі гісторык
М. Ермаловіч абгрунтаваў пункт гледжання, што Рагвалод паходзіў з мясцовага
княжацкага роду [27,с.70-72].
Паступова ўзнікла дзяржаўнасць і ў дрыгавічоў, яго першаснай формай
таксама было “княжанне”, упамінаемае ў летапісе. Летапісец называе князя Тура,
які, быццам, прыйшоў разам з Рагвалодам з-за мора і “имяше волосте свою в
Турове”. Трэба сказаць, што асоба гэтага князя вызвала ў гісторыкаў спрэчкі.
Адны з іх (А. Шахматаў, М. Доўнар-Запольскі, П. Галубоўскі) запіс у летапісе
лічаць легендай, другія (В. Тацішчаў, В. Ключэўскі, М. Ціхаміраў) прызнаюць
летапіснае паведамленне сапраўдным і разглядаюць гэтага князя асобай
гістарычнай, прычым (гэта пункт гледжання беларускіх гісторыкаў П. Лысенкі і
М. Ермаловіча) мясцовай, не варажскага, а дрыгавічскага паходжання.
Есць падставы меркаваць, што дзяржаўныя формы арганізацыі грамадскага
жыцця меліся і ў радзімічаў. На чале іх таксама стаялі князі. Магчыма, такім
князем быў Радзім, імя якога ўпаімнаецца ў “Аповесці мінулых часоў”.
Кансалідацыя гэтага племяннога ўтварэння праходзіла ў Пасожжы, але
развівалася яна павольней, чым у другіх раёнах. Сказваліся розныя прычыны і,
відаць, тое, што ў сярэдзіне ІХ ст. радзімічы папалі ў залежнасць ад хазар.
Такім чынам, асновай дзяржаўнасці на ўсіх беларускіх землях станавіліся
племянныя княжанні. Перадумовамі яе ўзнікнення стала паглыбленне грамадскага
падзелу працы, з’яўленне прыватнай уласнасці і сацыяльных супярэчнасцяў, рост
колькасці насельніцтва, ускладненне тых задач, якія паўсталі на тым этапе жыцця
усходнеславянскіх плямёнаў.