прыгонніцкай гаспадаркі. У другой палове XVIIIст. была адноўлена
рашаючая ў той час галіна эканомікі Беларусі – сельская гаспадарка:
на захадзе і ў цэнтры – да 60-х гг., на ўсходзе – да 70-х гг.
Гарады. Да канца XVIIIст. была адноўлена большасць
гарадскіх паселішчаў. На Беларусі налічваўся 41 горад і каля 397
мястэчак з агульнай колькасцю жыхароў каля 370 тыс., што складала
каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да
канца XVIIIст. не дасягнула ўзроўню першай паловы XVIIст.
Галоўную ролю адыгрывалі вялікія гарады на галоўных
гандлевых шляхах – Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск. Рамеснае
насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30-40%, у малых 10-25% ад
агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важным заняткам
жыхароў гарадоў заставалася сельская гаспадарка, а таксама розныя
промыслы – рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.
Самая вялікая рамесная група – апрацоўшчыкі металаў. У
сярэднім яны складалі 20-30% ад агульнай колькасці рамеснага
насельніцтва гарадоў. Гэта кавалі, слесары, залатых і сярэбраных
спраў майстры, ювеліры, меднікі, бляхары і майстры зброевай
справы. Другая група – рамеснікі па скураным вырабе. У Мінску іх
было каля 22% ад усіх рамеснікаў. Трэцяя – майстры па вырабе
адзення: краўцы, ткачы, прадзільшчыцы, суконшчыцы, шапачнікі,
шубнікі і інш. Іх было значна менш. Чацвёртая – рамеснікі
будаўнічых спецыяльнасцяў: цесляры, столяры, цагельнікі, муляры,
печнікі, шкляры. Значная частка гарадскіх рамеснікаў займалася
вырабам прадуктаў харчавання. Па буйных гарадах налічвалася да
45-60 рамесных прафесій.
Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым
рамяством, але колькасць цэхаў змяньшалася да канца XVIIIст.
Адначасова расла колькасць рамеснікаў, якія працавалі па-за межамі
цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое
становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала разбурэнню
сярэдневяковай арганізацыі вытворчасці.
У XVIIIст. на Беларусі з’явілася мануфактурная вытворчасць,
заснаваная на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Для іх характэрна
выкарыстоўванне прасцейшых машын і значныя рыначныя сувязі.