скажам, інакш кажучы, карацей кажучы, як гаворыцца, як гэта
гаворыцца, уласна кажучы, прасцей кажучы, не пры вас кажучы,
праўдзівей сказаць, папраўдзе сказаць, так сказаць, з дазволу сказаць, я
сказаў бы і інш.
Напрыклад:
Скажам, аб вадзе гамонкі не было спрадвек, бо хапала нам заўсёды і азёр, і рэк
(А.Астрэйка).
Шчыра кажучы, я толькі лічуся брыгадзірам (А.Асіпенка).
Голас у яго быў звонкі, я сказаў бы, нейкі нават музыкальны (Р.Сабаленка).
6.Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы,
прызначаныя для выражэння адносін гаворачай асобы да слухача з
мэтай засяродзіць увагу суразмоўцы, пераканаць яго, выклікаць давер,
увагу, прабачэнне: бачыш (бач), прызнацца, кажаш, кажаце, ведаеш,
ведаеце, разумееш, разумееце, паверце, выбачайце, даруйце, даруйце
мне, далібог, калі ласка, калі хочаце ведаць, ці дасце веры, зрабіце ласку
і інш.
Напрыклад:
Але ж язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка (М.Лынькоў).
Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты! (Я.Колас).
– Я, шчыра прызнацца, і загад на вас падрыхтаваў (А.Асіпенка).
7.Коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія служаць
сродкамі сувязі асобных частак выказвання і ўказваюць на
паслядоўнасць, абмежаванне, удакладненне, супастаўленне або
аб'яднанне частак тэксту, на выражэнне выніку, заключэння і пад.: па-
першае, па-другое, па-трэцяе і інш., першае, другое, трэцяе і інш.,
нарэшце, значыць, дарэчы, наогул, аднак, прынамсі, наадварот, з
аднаго боку, з другога боку, у сваю чаргу, разам з тым, у прыватнасці,
паміж іншым, між іншым, між тым, да таго ж, такім чынам,
галоўным чынам, па крайняй меры і інш.
Напрыклад:
Турсевіч – гэта мой настаўнік і мой зямляк, прынамсі, аднае воласці (Я.Колас).
Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён (Я.Брыль).
Спазніліся, аднак, на вялікае спатканне, трэба было раней (В.Быкаў).
Мікола быў, між тым, дома (К.Чорны).
З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе
настаўнік... (Я.Колас).
– У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. У прыватнасці, ёсць у нас зброя,
боепрыпасы, харчаванне, медыкаменты, адзенне (І.Новікаў).
Па крайняй меры, для яго нічога ўжо не будзе (В.Быкаў).
Такім чынам, усе няяснасці, сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся
(Я.Колас).