6.Калі паўторныя злучнікі і, ні, то звязваюць словы як
аднародныя часткі ўстойлівых (фразеалагічных) выразаў, то ў іх перад
гэтымі злучнікамі коска не ставіцца.
Напрыклад:
і днём і ноччу, і туды і сюды, і смех і грэх, і смех і слёзы, і смех і гора, і скокам і
бокам, і так і сяк, і так і гэтак, і тут і там, і вашым і нашым, і радасць і слёзы, і такі і
гэтакі, і ў хвост і ў грыву, і дома і замужам;
ні так ні гэтак, ні бэ ні мэ, ні сёе ні тое, ні з таго ні з сяго, ні ўзад ні ўперад, ні
жывы ні мёртвы, ні рыба ні мяса, ні кала ні двара, ні даць ні ўзяць, ні многа ні мала, ні
больш ні менш, ні адтуль ні адсюль, ні свет ні зара, ні стаць ні сесці, ні села ні пала, ні
слуху ні духу, ні складу ні ладу, ні гневу ні ласкі, ні канца ні краю, ні сват ні брат, ні к сялу
ні к гораду, ні ў кола ні ў мяла, ні ў пяць ні ў дзесяць, ні грозьбай ні просьбай, ні спору ні
ўмалоту, ні дому ні лому;
то скокам то бокам, то сюды то туды, то ўзад то ўперад, то тое то сёе, то так
то сяк і інш.
7.Не аддзяляюцца коскай таксама два аднародныя члены сказа,
якія звязваюцца паўторнымі злучнікамі, калі яны паводле сэнсу і
інтанацыйна ўтвараюць адзінства.
Напрыклад:
Як хмары закрылі і сонца і зоры, пайшоў [Каліна] партызаніць да бору...
(П.Броўка).
Вітаю цябе я і соллю і хлебам! (Я. Купала).
І дзень і два яны ў дарозе (Я. Колас).
Ці вясною ці ўлетку шмат народу на палетку (А. Русак).
8.Коскай раздзяляюцца ўсе аднародныя члены сказа, калі
папярэднія з іх звязаны паміж сабой без злучнікаў, а наступныя – пры
дапамозе паўторнага злучніка і.
Напрыклад:
Жыццё чулася ў траве, у гаёчку, і лясочку, на палях, і на лугах, і ў зялёненькім
лужочку, і ў крынічных берагах (Я. Колас).
Дзень іграе на жалейцы, на трубе, і на ражку, і на сінім трысняку (М. Танк).
9.Калі паўторны злучнік і стаіць пасля першага аднароднага
члена, перад ім таксама ставіцца коска.
Напрыклад:
У песнях жа родны край, родныя словы жылі, і жывуць, і жыць будуць (Я. Купала).
10.Коскай аддзяляюцца аднатыпныя парныя групы аднародных
членаў сказа, звязаных паміж сабой злучнікам і.
Напрыклад: