2.Калі пасля працяжніка стаяць словы, якія выдзяляюцца па
адпаведных правілах коскамі (напрыклад, пабочнае слова), то коска
перад ім апускаецца.
Напрыклад:
Аслу раз выдалі мандат – няйначай, памылкова(К.Крапіва).
3.Коска і працяжнік ставяцца ў наступных выпадках:
перад словам, якое паўтараецца для таго, каб звязаць з яго
дапамогай даданую частку складаназалежнага, састаўную частку
складаназлучанага ці частку простага сказа разгорнутай канструкцыі;
Напрыклад:
Тыя сцежкі, што ў заўтра вядуць, – тыя сцежкі аднолькавы, мусіць?(П.Трус).
У цішыні, якой не можа парушыць ні далёкая песня адтуль, дзе палі і дарогі, ні
грукатанне экскаватара, што ўжо даносіцца па вадзе з таго боку, дзе Нёман, пры
зорках, што неяк цьмяна прасвечваюць з высокай вышыні, і пры месяцы, які барвовым
акрайцам устаў над лугам, – у такой цішыні і спакойнай паўцемры выйшлі на працу
нядаўнія госці гэтых мясцін – бабры(Я.Брыль).
Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога,
далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, – хто яна, каб
выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў
самога?(В.Быкаў).
у шматкампанентных складаназалежных сказах, звычайна з
некалькімі даданымі часткамі перад галоўнай, якія распадаюцца на дзве
агульныя сэнсавыя часткі, каб абазначыць месца гэтага падзелу;
Напрыклад:
Пакуль ён ішоў у ваду, занадта, як здавалася Толю, плёхаючы нагамі, пакуль ён
пырхаў і пакрэктваў ад задавальнення, – нехта трэці, здалёк яшчэ, з-за ракі ўбачыўшы
хлопцаў, падышоў да кладачкі, па якой нядаўна перабіраўся певень з чубаткамі, узышоў
на востраў і пачаў падкрадацца да берага(Я.Брыль).
Колькі было людзей на сходзе, што яны абмяркоўвалі, якое там прынялі рашэнне, –
нам пра гэта не казалі.
у складаных сказах з рознымі відамі сувязі, а таксама ў сказах з
характэрнымі рысамі перыяду (з выразным падзелам на дзве часткі, з
анафарычнай будовай першай састаўной часткі).
Напрыклад:
Калі ж асеннія навіны змянялі сад, калі з бяроз рваў лісце вецер, а мароз, наліўшы
ягады рабіны, траву губіў, і мы нагой узрывалі прэлых лісцяў слой; калі патроху чырванелі
чаромха, ліпа, стройны клён, а гнёзды змрочныя варон між голага галля чарнелі, і грозны
вечара пажар пылаў між бура-шызых хмар; калі асенні вецер дзіка стагнаў і глуха па
начах грымеў у наш жалезны дах, – тады да лета Вераніка ад нас знікала ў інстытут і
не будзіла згадак тут(М.Багдановіч).