251
цыі. Гэта, напрыклад, шыльды на крамах, майстэрнях і інш. (бу-
тэлька, хлеб, рыба, нажніцы, бот і г.д.), дарожная сігналізацыя (на-
прыклад, выява дзяцей на знаку – «Асцярожна, дзеці!»), разнастай-
ныя ўказальнікі на выстаўках, спаборніцтвах, канферэнцыях, нара-
дах і інш. Паступова ў піктаграфіі пачалі з'яўляцца элементы сімва-
лізму, г.зн. малюнкі набывалі своеасаблівае ўмоўнае значэнне, вы-
карыстоўваліся для перадачы асобных абстрактных паняццяў. Ска-
жам, малюнак чарапахі набывае значэнне 'доўгае жыццё', 'шчас-
це', два злучаныя сэрцы – 'каханне', лук са стралой – 'вайна' і г.д.
Так пачынаўся пераход да новага этапу пісьма – ідэаграфіі.
Ідэаграфія – пісьмо паняццямі. Пры такім пісьме кожны знак слу-
жыць сімвалам паняцця, якое стаіць за словам. На пачатку пры пера-
ходзе ад піктаграфіі да ідэаграфіі выкарыстоўваліся тыя ж самыя ма-
люнкі, але значэнне іх мянялася. Напрыклад, малюнак вока на пікта-
граме абазначае 'вока', а на ідэаграме мог абазначаць 'бачыць',
'пільнасць', 'нядрэмнасць', малюнак нагі – 'стаяць' або 'хадзіць', 'пры-
несці' і інш. Паступова колькасць знакаў павялічвалася, яны станаві-
ліся больш спрошчанымі, умоўнымі. Знакі ідэаграфічнага пісьма пера-
твараліся ў іерогліфы. Іерагліфічным было старажытнае шумерскае
пісьмо, егіпецкае пісьмо. У найбольш выразным выглядзе гэтае пісьмо
захавалася да нашых дзён у Кітаі. Іерагліфічнае пісьмо перадае паняц-
це безадносна да гукавога афармлення, г.зн. не адлюстроўвае асаблі-
васці вымаўлення, што вельмі зручна, напрыклад, для Кітая, дзе асоб-
ныя дыялекты настолькі адрозніваюцца паміж сабой, што іх носьбіты
не заўсёды разумеюць адзін аднаго пры вусных зносінах. Але разам з
тым магчымасці ідэаграфіі абмежаваныя. Існуе велізарная колькасць
паняццяў, пра якія можа ісці гаворка, і кожнае з іх павінна мець свой
пісьмовы знак. Стварыць і запомніць столькі пісьмовых знакаў прак-
тычна немагчыма. (Сучаснае кітайскае пісьмо мае больш за 40 ты-
сяч іерогліфаў. Каб чытаць просты тэкст, трэба ведаць 5–6 тысяч іеро-
гліфаў, таму навучанне чытанню і пісьму ў Кітаі займае многа гадоў.)
Элементы ідэаграфіі ёсць і ў нашым пісьме. Гэта лічбы, спе-
цыяльныя навуковыя сімвалы, дарожныя знакі.
Далейшае развіццё пісьма прывяло да ўзнікнення фанетычна-
га (гукавога) пісьма. Гэтае пісьмо істотна адрозніваецца ад папя-
рэдняга: яно арыентуецца на гучанне, а не на значэнне, таму апіра-
ецца на фанетычныя адзінкі – склад і гук (фанему).
Ранняй формай фанетычнага пісьма было складовае пісьмо.
Графічныя знакі ў гэтым пісьме абазначалі склады. Першымі да
такога пісьма перайшлі шумеры і егіпцяне, складовым было стара-
жытнаіндыйскае пісьмо, эфіопскае і інш.