236
I тады, калі ў кожнай красцы на густатравых лугах клапатліва
і заюшана працуюць пчолы, калі набіраюцца лета і моцы нівы, гаду-
ючы і спелячы каласы, калі кветкі, промні і птушыныя песні ядна-
юцца ў непаўторную мелодыю жыцця, якая запаўняе сабою лугі,
палі, лясы.
I тады, калі прыкметна цішэе ў прасторах, калі на палях па-
восеньску пахне ўжо свежаю саломаю і новым зернем, якое шчод-
рымі сваімі рукамі высыпаюць камбайны ў кузавы машын, калі
пад нагамі шамаціць апалае лісцё, а жоўты колер, палінаваны паву-
цінкамі бабінага лета, пануе ўжо там, дзе яшчэ нядаўна было так
шматкалёрна, гаманліва, весела.
I тады, калі зямля робіцца белаю-белаю, калі мяцеліцы спяша-
юцца як найхутчэй укрыць ад марозаў кожны карэньчык, кожны
парастак, калі прамярзаюць да апошняй пушынкі ў голым суччы
птушыныя гнёзды, якія летам хаваліся ў густым лісці, а цяпер адны
толькі і асталіся на распранутых дрэвах.
У холад і ў спёку, у дождж і пасля дажджу, удзень і ўночы, з
ветрам і без ветру, маладзіком і ў поўню, летам і зімою ён заўсёды
прыгожы, наш родны, наш любы край.
Прылятаюць дадому птушкі ці адлятаюць у вырай, з вялікім
сумам развітваючыся з радзімаю; кладзецца на паплавы пушысты
снег ці яго зганяюць у рэчкі і азёры паласкавелыя напрадвесні
промні; праклёўваюцца лісты з набрынялых пупышак, ці яны, пра-
жыўшы свой год, сваё жыццё, ціха кружачыся, злятаюць на дол, –
нас заўсёды радуюць дарагія кожнаму з дзяцінства, такія знаёмыя
і такія жаданыя краявіды.
Наш родны беларускі край. Ён прыгожы і па-свойму адметны
на поўначы і на поўдні, на ўсходзе і на захадзе. Там, дзе цячэ Дзвіна,
у якую па-паўночнаму задумліва глядзяцца елкі і сосны, і пятляе
між палёў Бярэзіна; дзе струменіць, набіраючыся сілы, Нёман і
шырыцца, выбіраючыся з балот, Прыпяць, дзе гамоніць з высокімі
берагамі Дняпро і трэцца хвалямі аб лодкі паўднёва-ласкавы Сож...
Ён, наш край, прыгожы і непаўторны сваімі рэкамі і азёрамі,
сваімі лясамі і лугамі, сваімі сцежкамі і дарогамі...
Белавежская пушча і Браслаўскія азёры, Палессе і Свіцязь,
Налібокі і Нарач, Бярэзінскі запаведнік і маленькая рэчка Проня –
усё гэта наш родны край, наша спадчына, якая аднойчы і назаўсё-
ды даецца кожнаму чалавеку разам з жыццём.
Так, спадчына. Неацэнная. За ўсё даражэйшая. Але хто калі
лічыў, хто калі задумаўся, колькі ж на душу насельніцтва, на душу
кожнага з нас прыпадае кветак, матылёў, дрэў, птушак, крынічак?