ўласнай палітыкі, магчымасьці дзейнічаць на карысьць народу, а шмат
хто зь іх сам стаў ахвяраю тэрору, уласнае сьлепаты і аблуды. Але мы
болей ня хочам жыць так, каб ня памятаць як аб нашым гонары, так і аб
нашых ахвярах, нашых пакутніках. Урэшце прыйшоў час сказаць
людзям праўду і зрабіць зь яе пэўныя высновы. Найперш, праўду трэба
сказаць пра мільёны безыменных людзей Беларусі, рабочых,
калгасьнікаў, інтэлігентаў з народу, беларусаў, расейцаў, палякаў,
габрэяў, людзей іншых нацыянальнасьцяў, панішчаных у гады
сталіншчыны безь віны, бяз права, бязь сьледу ў народнай памяці.
Сымбалем тых, панішчаных, сёньня сталі ўжо славутыя Курапаты. Але
Курапаты – толькі адна кропля ў моры людзкой крыві.
Мы павінны таксама назваць імёны катаў нашых ахвяраў. Хто былі
гэтыя нелюдзі? Як даўно вядома, кат і ахвяра інфэрнальным чынам
зьвязаныя між сабой, і чалавецтва павінна ведаць і памятаць абодвух.
Гэта патрэбна ў імя справядлівасьці, у імя дэмакратыі, у імя нашай
будучыні. У тым наш сьвяты абавязак перад гісторыяй, маральны
абавязак перад наступнымі пакаленьнямі, каб ім не давялося дакараць
нас за тое, што мы мелі магчымасьць і згубілі яе. Мабыць, ніхто з
нашых папярэднікаў ня меў такой магчымасьці, якую лёс ці гісторыя
далі нам, і было б найвялікшай гістарычнай несправядлівасьцю ня
выкарыстаць яе. Але зьдзейсьніць гэты абавязак будзе, мабыць, нялёгка.
Сілы рэакцыі і сталіншчыны ня склалі сваёй выпрабаванай зброі і
гатовыя ўзяць рэванш за іхнае паражэньне ў галоснасьці. Каб
пераканацца ў тым, даволі хоць зрэдку браць у рукі газэту «Вячэрні
Мінск», орган Менскага гаркаму і гарсавету народных дэпутатаў, і
паглядзець, хто і супраць чаго там выступае. Сілы зла цяпер
перажываюць невялікую паўзу ў сваёй антынароднай дзейнасьці,
перабудова і галоснасьць блытае іх адпрацаваныя за гады карты. Але
яны ўжо пачалі прыстасоўвацца і да атмасфэры перабудовы, а ў
некаторых выпадках і браць яе пад сваё кіраўніцтва, кіраваць з такім
разьлікам, каб хутка і бяз стратаў вярнуць так любы іхным лакейскім
душам таталітарызм з падаўленьнем, рэпрэсіямі, п’яным і пакорным
існаваньнем заняволенага народу. Таму ўсе, каму дарагія прынцыпы
дэмакратыі і сацыялізму, лёс нацыі, павінны быць пільныя, ня даць сябе
ашукаць ні крывадушнай бюракратыі, ні амаральнай навуковасьці, ні
тым правакатарам ад перабудовы, якія маюць заданьне пусьціць яе на
злом галавы, адвярнуўшы ад высакароднай мэты адраджэньня нацыі,
растварыць ідэал дэмакратызацыі ў нацыянальных, рэгіянальных,
ведамасных, амбіцыйных сварках і супярэчнасьцях.
Мы павінны скласьці велічны мартыралёг нашых стратаў і нашых
пакутнікаў. Гэта ляжа вуглавым каменем у падмурку нацыянальнай
сьвядомасьці, стане важным элемэнтам гістарычнай памяці і гарантам.