беларускія народныя песні. Падышлі да прадмесця а 11-й гадзіне і
пачалі спяваць.
Да нас падыйшоў Мікола Купава і папрасіў, каб мы адышлі ў бок да
Сьвіслачы, бо ім трэба было падрыхтавацца да выстаўкі – пераносіць і
развешваць працы. Мы адразу адышлі і пачалі вадзіць карагод, але па
дарозе двум хлопцам – Уладзіміру Лавецкаму і Сяргею Стальмашку
нейкія хлопцы сказалі зняць стужкі з галавы (мы надзелі стужкі зь
беларускім арнаментам). Яны, вядома, не звярнулі ўвагі і пайшлі далей.
Не паспелі мы скончыць вадзіць першы карагод, як з узгорка пачалі
спускацца незнаёмыя хлопцы, падыходзяць да нас і крычаць, каб мы
знялі стужкі. У тых, хто не зразумеў і спачатку ня зняў, зрывалі самі. У
той жа час яны нецэнзурна лаяліся і казалі, каб мы, калі хочам застацца
жывымі, разыходзіліся хутчэй па хатах. Некаторыя з нас пыталіся:
"А што ж тут адбываецца? Чаму мы вас павінны слухацца?
Растлумачце нам!" Але ніхто не хацеў слухаць. Нас закрылі спінамі ад
астатніх людзей і пачалі з намі "разбірацца" кулакамі, асабліва з тымі,
хто пытаў тлумачэння гэтым падзеям, нягледзячы на тое, што большая
частка школьнікаў была дзяўчынкі. Акрамя таго, на нас крычалі: "На
каком языке вы говорите? Говорите на нашем, русском, языке, а иначе –
убьём!". І дапаўнялі свае словы абразлівымі выразамі: "Фашисты!
Националисты!" і г.д. Адной дзяўчынцы сказалі, што калі не пойдзе
адтуль, то паплыве па рацэ, "як той ручнік". Астатнім таксама
пагражалі, што, калі мы не разыйдземся, то будзем карміць ракаў у рацэ.
Некаторых нашых хлопцаў і дзяўчынак пачалі біць. Праўда, сляды ад
збівання засталіся не ва ўсіх, а толькі ў Валера Карабліна з дзесятага
класа, Ігара Бандаровіча і Алега Чарняўскага, Таццяны Якубовіч і
Віктара Мінко.
Было вельмі добра бачна, што гэтыя хлопцы былі ў нецьвярозым
стане і што пад пальчаткамі некаторыя мелі кастэты. Іх не спынілі нават
і слёзы нашых дзяўчынак, якія ніяк не разумелі сваёй віны (а віны і не
было).
Мы звярнуліся да міліцыянераў, якія стаялі на мосце і ўсё бачылі з
самага пачатку – і як мы мірна вядзем карагод, і як да нас пачалі
падыходзіць незнаёмыя хлопцы, што пачалі нас біць, бачылі, што мы
нічым не маглі абараніцца, але міліцыянеры спакойна нам адказалі:
"Это ваши гражданские дела. Разбирайтесь сами". Што мы маглі
адказаць, калі нам гэта казала савецкая міліцыя? З гэтых слоў мы
зразумелі, што гэтая бойня адбываецца "законна" і засталіся
безабароннымі.
Нічога так і не зразумеўшы, мы адчулі, што ніхто нашых
тлумачэнняў слухаць не будзе, і сталі разыходзіцца. Але нашых
заплаканых дзяўчынак пачалі спыняць і пытацца: "Што здарылася?".