рабіць. Параіўшыся, пастанавілі, што варта зьвярнуцца з калектыўным
лістом да новага савецкага генсека М.Гарбачова. Яўген папрасіў мяне
скласьці праект (як ён казаў, "балванку") гэтага ліста. Пасьля тыдняў
трох працы праект быў падрыхтаваны і перададзены на абмеркаваньне.
Цяпер ужо не пры-гадаю, хто якія рабіў заўвагі, дадаткі і выпраўленьні,
але асноўны клопат па рэдагаваньні ўзяў на сябе Яўген Кулік.
Намнога складанейшае і небясьпечнейшае было зьбіраньне
подпісаў. Мы выдатна разумелі, што калі пра заплянаваную намі
грамадзкую акцыю даведаюцца спэцслужбы, ажыцьцявіць яе будзе
немагчыма ці прынамсі вельмі цяжка. Таму патрабаваньні кансьпірацыі
былі жорсткія. Тэлефонныя размовы забараняліся. Колькасьць
абазнаных абмяжоўвалася: гэтай справай, акрамя нас зь Яўгенам,
займалася вузкае кола сяброў з "Паддашку" - Віктар Маркавец, Аляксей
Марачкін, Мікола Купава.
Вызначылі сьпіс дзеячоў культуры, навукі, мастацтва, да каго
зьвярнуцца з прапановай паставіць подпіс, а таксама пасьлядоўнасьць
збору подпісаў. Зразумелая наша зацікаўленасьць, каб перадусім гэта
былі людзі заслужаныя, дыплямаваныя, вядомыя, якія мелі высокі
аўтарытэт у грамадзтве. Адначасова рыхтавалі беларускамоўную вэрсію
для магчымай публікацыі ў тыднёвіку "Літаратура і мастацтва", а калі
ня ўдасца – для як мага шырэйшага інфармаваньня грамадзкасьці праз
распаўсюджваньне машынапісных копіяў.
Памятаю, якую радасьць выклікалі ў нас весткі пра тое, што
падпісаліся Стэфанія Станюта, Валянціна Пархоменка, Пімен Панчанка,
Янка Брыль... Ня ўсюды нас чакала ўдача, але мы не крыўдавалі,
ведаючы, што тым людзям давялося ператрываць на сваім вяку. Зь
вялікім хваляваньнем чакалі вынікаў наведаньня Васіля Быкава. Гэтую
місію ўзялі на сябе Яўген Кулік, майстэрня якога была ў тым пад'езьдзе,
дзе жыў пісьменьнік, і Віктар Маркавец. Сёньня некаму гэта можа
здацца дзіўным, але тады мы не былі ўпэўненыя ў посьпеху гэтага
візыту. І якія ж былі шчасьлівыя, калі ўсё атрымалася!
І вось, 20 сьнежня 1986 году Віктар Маркавец праз прыймальню ЦК
КПСС на Старой плошчы перадаў ліст адрасату. Тым часам другі
кур'ер, у ролі якога быў аўтар гэтых радкоў, накіраваў ліст з
маскоўскага паштамту, што на вуліцы Кірава...
Ня варта думаць, што арганізатары той акцыі былі нагэтулькі
наіўнымі людзьмі, што насамрэч спадзяваліся, што ў Маскве
разьвяжуць усе нашыя праблемы. Гэты дакумэнт патрэбны быў перш за
ўсё самым беларусам як праграма дзеяньня. Патрэбны быў розгалас,
патрэбнае было абуджэньне, разьняволеньне, патрэбнае было
гуртаваньне патрыятычных сілаў. [...] I хоць з партыйных трыбунаў на
адрас аўтараў ліста гучалі розныя абвінавачаньні, якія пасьля