і, нарэшце, БНС, Камітэт Даверу і БЦР, якія, хоць і не атрымалі да канца
акупацыі фармальнага прызнаньня ў Бэрліне як органы нацыянальнага
прадстаўніцтва, фактычна ўсё ж такі адыгрывалі гэтую ролю. Ідэю
корпусу Самааховы, якую Кубэ ня змог да канца ажыцьцявіць ва ўмовах
канфлікту з СС, пазьней рэалізаваў Готбэрг у выглядзе БКА. У
акупаваных краінах, якія мелі нацыянальную незалежнасьць, такія
вынікі нельга было б палічыць за дасягненьні, але ва ўмовах Беларусі
яны набывалі цалкам іншае значэньне, бо стваралі магчымасьці для
ўзмацненьня і распаўсюду нацыянальнай сьвядомасьці, для арганізацыі
нацыянальнага грамадзкага жыцьця.
Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў, заблякаваных доўгі час ува
Усходняй і Заходняй Беларусі, усе беларускія нацыянальныя
палітычныя групы ацэньвалі як гістарычны шанец. Праўда, некаторыя
зь іх арыентаваліся на Польшчу і заходніх саюзьнікаў, аднак пры гэтым
не адмаўляліся ад актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, а ў некаторых
выпадках – і ад палітычнага супрацоўніцтва зь мясцовай акупацыйнай
адміністрацыяй, бо яно павінна было спрыяць узмацненьню беларускага
нацыяналізму. Пры гэтым гістарычны досьвед паказваў, што
магчымасьць дамінацыі Нямеччыны і небясьпека германізацыі
беларусам наўрад ці пагражала. Зрэшты, зь цягам часу меншалі страхі
перад нямецкім дамінаваньнем затое расло перакананьне ў немінучым
вяртаньні савецкай улады. I тут дасягненьні нацыяналізму павінны былі
ўзбагаціць нацыянальную сьвядомасьць, прывіць ёй імунітэт супраць
русіфікацыі, урэшце, стварыць гістарычныя аргумэнты, якія ўжо нельга
будзе абмінуць ва ўмовах савецкай Беларусі.
Цікава, што працэс палітычнай палярызацыі беларускага грамадзтва
няспынна ўзмацняўся, нягледзячы на злачынствы акупантаў,
непазьбежнасьць паразы Нямеччыны і вяртаньня савецкай улады.
Большасьць насельніцтва жыла ў страху і чаканьні, але ўжо на самым
пачатку акупацыі побач зь ёю абазначыліся дзьве крайнія плыні –
камуністычная і нацыяналістычная, якія разьвіваліся ў вострай
ідэалягічнай і ўзброенай барацьбе. Пік гэтага супрацьстаяньня
прыйшоўся на апошнюю фазу акупацыі, калі дзясяткі тысяч беларусаў
сталі са зброяй у руках па розныя бакі барыкады. Сярод іх, несумненна,
было шмат людзей выпадковых, якія трапілі туды пад прымусам, але
шмат было і такіх, якіх вяла толькі ўласная рашучасьць і нават
фанатызм, які адлюстроўваў разуменьне сэнсу барацьбы.
Цяжка ацаніць іх пазыцыі адназначна. Удзельнікі камуністычнага
руху, якія гуртаваліся ў партызанскіх атрадах і савецкім падпольлі, мелі
за сабой традыцыі, арганізацыйны грунт і – самае галоўнае –
усебаковую падтрымку з-за лініі фронту. Тым часам нацыяналісты,
маючы за сабою горкі досьвед недалёкага мінулага, пры ўсёй