Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чавускі паветы і сем валасцей
Рэчыцкага павета поўнасцю і заходнія часткі яшчэ трох валасцей.
Увогуле ад Гомельскай губерні пераходзіла ў склад БССР 53
працэнты тэрыторыяў і 41 працэнт насельніцтва. [...] А.Р. Чарвякоў на
пасяджэнні Саўнаркама БССР з нагоды стварэння Прыёмнай камісіі
гаварыў: «У нас ёсць звесткі... што са Шклоўскай фабрыкі Гомельскі
губсаўнаргас вывозіць усю маёмасць... Гомлес абірае ўсе райаддзяленні
паветаў, вывозячы адтуль сыравіну і абсталяванне... Гомельскі
губеранскі кааператыў абабраў да апошняй магчымасці павятовыя
кааператывы; у Магілёве, напрыклад, былі засяроджаны ўсе дзіцячыя
дамы Гомельскай губерні і Магілёў, такім чынам, з'яўляецца цэнтрам
дзіцячых прытулкаў з моманту пачатку размоў аб перадачы, і губкам не
мае сродкаў на іх утрыманне». [...]
Стан гаспадаркі быў проста жахлівы. I не толькі ў Гомельскай
губерні. У Горацкім павеце, які адыходзіў да БССР, Смаленскім
губсельтрэстам у 1923 годзе была так выбрана прадукцыя саўгасаў, што
на пасяўную кампанію 1924 г. не хапіла насення. Саўгасы Юльянава,
Трылесіна і Сметанка былі зліквідаваныя, уся прадукцыя і лепшы
інвентар вывезены ў Смаленскую губерню. Тое ж, хоць, можа, і не ў
такой ступені, зведалі іншыя саўгасы. [...] некаторыя з іх ужо па тры
месяцы не выдавалі рабочым заработную плату. Прыкладна так
дзейнічалі і гомельскія ўлады – перапынялі крэдытаванне тых рэгіёнаў,
якія мусілі адыйсці да БССР […]
[…] Адзначым, што ў другой палове 20-х гадоў БССР знаходзілася
на 3-м месцы ў СССР па росце прадукцыйнасці працы, але на 13-м
месцы па росце заработнай платы. Колькасць беспрацоўных у Менску ў
1923-24 гг. складала 7,1 працэнта, у Маскве і Петраградзе – 10-11
працэнтаў.
Беларусь вымушана была аплаціць усе «даўгі». Напрыклад, як
акрэслена ў пратаколе ад 26 красавіка 1927 г. аб канчатковых разліках у
сувязі з перадачай Вяліжскага, Себежскага і Невельскага паветаў
Пскоўскай губерні, ад Віцебскай фармацэўтычнай управы спагнана 915
р. 85 коп., а з былой Віцебскай губернскай зямельнай управы спагнана 6
584 р. 39 кап. Гэта ў той час, калі Віцебская губерня за 1923–1924 гады
дала ў агульныя рэсурсы РСФСР чыстага даходу 1 943 685 руб., а была
прынята Беларуссю, як аб гэтым сведчыць Акт здачы – прыёму
Віцебскай губерні, падпісаны Прышчэпавым і Адамовічам, з дэфіцытам
бюджэту ў 477 059 рублёў.
Адразу пасля ўз'яднання намнаркамфіна СССР Любімаў, не
зважаючы на тое, што Беларусі вярталі яе тэрыторыю з бюджэтным
дэфіцытам, запатрабаваў, каб узбуйненая Беларусь павялічыла ўдвая
працэнт удзелу ў выдатковым бюджэце СССР […]