[...] Сучаснае грамадзянства, разьбітае на клясы, хоча зьдзейсьніць
свой соцыяльны ідэал палітычным шляхам, г.зн. захапіўшы ў свае рукі
ўладу, або маючы на яе значны ўплыў. Грунтуючыся на нейкай клясе,
кожная партыя мусіць правадзіць думкі, карысныя для гэтае клясы.
Партыя заўсёды кажа аб «рэальнай палітыцы», аб тым, што ў палітыцы
няма сэнтыментаў, кажа аб канечнасьці «заднаважаньня» інтарэсаў па іх
сапраўднай грамадзянскай вазе. Гэта знача, што справа заўсёды
канчаецца тым, што чыя «вага» – большая, ў каго матар'яльная сіла –
вялікшая, той усім і круціць. Праўда, кожная партыя мае харошую
праграму, якая пачынаецца словамі аб дабры ўсяго народу, дзе
спамінаецца аб лепшых чалавечых ідэалах, але аб істоце харошых слоў
трэба разважаць па дзеле [...]
Няздольнасьць соцыяльнай працы ў палітычнай форме датычыцца
ўсіх партыяў, стоячых на клясавым грунце. Карысна-клясавая ад'знака
характарызуе ня толькі буржуазна-дэмакратычныя партыі, але й
соцыялістычныя. Прызнаць палітычную няздольнасьць соцыялізму тым
горай, што да апошніх часоў соцыялізм быў адзінаю касулькаю, адзінай
надзеяй на магчымасьць лепшай будучыны. Соцыялістычныя мучанікі
сваёй крывёй, сваім бязрадасным, ахвярным жыцьцём без сьвятла і
асабістага шчасьця рабілі, здавалася, фундамэнт сонечнай будучыны.
[...]
І шмат паўстаўшых сталі сапраўднымі мучанікамі. На крывавым
шляху соцыялістычнага мучаніцтва лятуцелі не аб захапленьні ўлады,
не аб дыктатуры штыха і кулямёта, а аб звальненьні чалавечага духу, аб
праменнасьці жыцьця для ўсіх зьняважаных і пакрыўджаных.
Так было да тэй пары, пакуль соцыялістыя не пашлі на палітычную
працу ў буржуазным, клясавым гаспадарстве. Пачынаючы ад Маркса,
згасьлі вялікія жаданьні і лятункі аб вольным чалавеку. Заместа
«утопіяў» высунулася «навучная» ідэя захапленьня палітычнага
апарату, каб сілком вясьці масы ў соцыялістычны рай. Натхнёнасьць
соцыялізму зьнікла, замянілася пустой, буржуазнага характару,
крыважорнай дактрынаю: Маркс спусьціў соцыялізм з «утапічнага
неба» ўроўнь звычайнай дэмакратычнай партыі, якая марыць аб
захапленьні ўлады, зьмяніўшы сьвятую справу чалавечага вызваленьня
на дасягненьне клясавай перамогі. [...] кожны, хто ведае сучасныя
адносіны, павінен прызнаць, што з учарайшага раба выходзіць
найлепшы рабаўладца. [...] Марксістыя адкажуць, што ў ідэале
захапленьня ўлады і дыктатуры ёсьць адсутнасьць прыгнечаных, бо
ўладаром павінны быць усе прыгнечаныя, усе працуючыя. Направер
выходзіць ня так. Як толькі выяўляецца элемэнт улады, яна заўсёды
застанецца ў руках невялікай групы: такая ўжо істота ўлады. Марксізм
лічыць магчымым даць уладу толькі пролетарыяту, ну, а сялянства