атрымала назву Беларускай Народнай Армii, дзейнiчаў самастойна i
паспрабаваў вызвалiць краiну ад бальшавiкоў. Гэты яго паход добра
вядомы, i наўрад цi варта спыняцца на iм падрабязна. Нягледзячы на
паразу ў лiстападзе 1920 г., генерал Булак-Балаховiч не спынiў сваёй
дзейнасцi i часткi яго армii актыўна ўдзельнiчалi ў партызанскай
барацьбе на тэрыторыi БССР у 1921 г.
Але аснову ўзброенай барацьбы насельнiцтва Беларусi супраць
бальшавiзму складаў не ўдзел яго прадстаўнiкоў у рэгулярных
фармаваннях польскага войска, а партызанскi рух i сялянскiя паўстаннi,
якiя ахапiлi тылы Чырвонай армii з самага пачатку канфлiкту. Добра
вядомыя такiя буйныя выступленнi, як Старакапытаўскi бунт i
Вялiжскае паўстанне [...] Своеасаблiвым водгукам Старакапытаўскага
бунту было паўстанне ў Рэчыцы 25-26 сакавiка 1919 г. Там паўстала
каравульная рота, якая хутка захапiла ўладу ў горадзе. Камунiстаў бiлi i
садзiлi ў турму, iх кватэры былi разгромленыя. Паўстанцы разнеслi
таксама рэўкам, надзвычкам, аддзел юстыцыi.
У тым самым сакавiку 1919 г. адбылiся паўстаннi ў Слуцку i ў
Барысаве, дзе грамiлi савецкiя ўстановы. Паўстаннi адбывалiся i пазней,
як у 1919, так i ў 1920 г. Фактычна не было месяца, каб у якой-небудзь
вёсцы, воласцi цi нават горадзе не было ўзброенага выступлення.
Напрыклад, у сакавiку 1920 г. у Быхаўскiм павеце адбылася серыя
паўстанняў. Сяляне вёсак Куляжы, Урэчча, Запалянная, Прыволь,
Лебядзеўка, Рабiнаўка паграмiлi савецкiя ўстановы, знiшчылi
дакументы, зрабiлi вобшукi ў кватэрах савецкiх супрацоўнiкаў. 10
сакавiка паўстанцы напалi на Прапойск, раззброiлi там аддзел па
барацьбе з дэзерцiрствам, захапiлi тэлеграф.
Бальшавiкi абвясцiлi тыя паўстаннi кулацкiмi, а потым гэты тэрмiн
аўтаматычна ўвайшоў у працы савецкiх гiсторыкаў. Мiж тым
сацыяльны склад паўстанцаў быў даволi разнастайным, i, як сведчаць
крынiцы, супраць бальшавiкоў выступалi як заможныя, так i збяднелыя
сяляне [...]
Паўстаннi так званых кулакоў выклiкалiся, зразумела, не столькi
«нетактичным поведением» кiраўнiкоў рознага ўзроўню, колькi ўвогуле
палiтыкай «ваеннага камунiзму» i цяжкасцямi бальшавiцкага рэжыму.
Даведзеныя да адчаю прадразвёрсткай i рабаўнiцтвамi сяляне, у якiх
адбiралi апошнi харч, падымалiся з вiламi i сякерамi супраць кулямётаў
прададдзелаў i гiнулi ў гэтай безнадзейнай барацьбе.
Менавiта такiя паўстанцы складалi асноўную базу для стварэння
партызанскiх аддзелаў, якiх багата было ў лясах Беларусi ў часы
савецка-польскай вайны. Бальшавiкi звычайна называлi iх бандамi, хоць
iх дзейнасць мела не крымiнальны, а ваенна-палiтычны характар. Сам
камандарм Тухачэўскi, вялiкi спецыялiст па карных аперацыях i