затрымліваць або арыштоўваць яго самога ці ягоную маёмасць пад
страхам цяжкага пакарання... Дайце названаму доктару Францішку,
якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць
прыгаданымі вышэй правамі, ільготамі і прывілеямі. Забараняю наогул
умешвацца ў яго справы, учыняць яму які-небудзь гвалт, змушаць да
выканання нейкіх павіннасцяў ці гарадскіх службаў нароўні з іншымі
жыхарамі таго горада, які ён сам абярэ для жыцця».
Такім горадам неўзабаве пасля вяртання з вязніцы на волю для
Францішка Скарыны стала Прага, дзе ён і скончыў свой зямны шлях,
пакінуўшы па сабе мноства таямніцаў.
Дагэтуль дакладна невядома ні калі ён прыйшоў на свет, ні калі
навекі заручыўся з зямлёю. Невядома, у каго ён працаваў сакратаром
перад экзаменам на годнасць доктара медыцыны ў Падуанскім
універсітэце - у караля Даніі ці ў гаспадара Дакіі (Валахіі)? Невядома, хто
ствараў для ягоных кніг гравюры. (Некаторыя даследнікі лічаць, што
першадрукар быў і выдатным мастаком.) Вучоныя спрачаюцца пра
ягонае веравызнанне, пра час паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт, пра
тое, хто ж у сапраўднасці займаў у чэшскага караля пасаду садоўніка -
Францішак Скарына ці італьянец Франчэска Банафардэ...
1990 год ЮНЕСКО абвясціла годам Скарыны. Ягонае 500-годдзе
адзначалася ў Беларусі, у Летуве і Латвіі, у Злучаных Штатах Амэрыкі і
Аўстраліі, у Расеі і Польшчы - паўсюль, дзе жывуць беларусы, дзе
ведаюць пра слаўны вычын нашага земляка.
Уладзімір АРЛОЎ
1523. Выйшла ў свет паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра»
Звестак пра выдатнага беларускага паэта-лацініста Міколу
Гусоўскага захавалася надзвычай мала. Дакладна невядомыя ні гады
жыцця, ні месца нараджэння і вучэння, ні ягоны апошні зямны
прыстанак, але бясспрэчна тое, што ён добра ведаў жыццё, характар,
звычаі і гісторыю беларусаў, быў патрыётам Вялікага Княства
Літоўскага.
Гісторыкі літаратуры лічаць, што будучы паэт мог з'явіцца на свет у
сям'і вялікакнязеўскага палясоўшчыка або паляўнічага. Згадваючы
юнацтва, Гусоўскі пісаў:
Змалку ад бацькі вучыўся ў бясконцых абходах
Крокам нячутным ступаць, каб нішто не шурхнула...
Колькі патоў ён, бывала, зганяў з мяне ў зімнюю сцюжу,
Коп'і шыбаць прымушаючы з бегу наводмаш!
Колькі нагледзеўся смерці, наслухаўся енку
У пушчах, пакуль мяне, сына, вучыў палясоўшчык.*