прычым персанажы з ліку паспалітых людзей гаварылі на сцэне па-
беларуску.
У Полацкім калегіуме чытаў універсітэцкія курсы паэтыкі і рыторыкі
філосаф і слынны паэт-лацініст Мацей Казімір Сарбеўскі (1595-1640), які
першы з славянаў быў ганараваны на Капіталійскім пагорку ў Рыме
лаўровым вянком і названы «хрысціянскім Гарацыем». Тут выкладаў
рыторыку ягоны сучаснік Жыгімонт Лаўксмін, чыя кніга «Практычнае
красамоўства» пасля выдання ў Вялікім Княстве Літоўскім вытрымала
адзінаццаць выданняў у Вене, Мюнхене, Празе, Франкфурце... У ліку
педагогаў быў беларус Марцін Пачабут-Адляніцкі - вучоны-
энцыклапедыст, будучы рэктар Віленскага ўніверсітэта, сябар
Каралеўскага астранамічнага таварыства ў Лондане, сябар-карэспандэнт
Парыжскай Акадэміі навук.
Высокі ўзлёт Полацкі калегіум зазнаў у апошняй чвэрці ХVІІІ
стагоддзя, калі забаронены папам Кліментам ХІV Ордэн езуітаў
захаваўся з дазволу Кацярыны ІІ толькі ў Беларусі, а Полацак зрабіўся
ордэнскаю сталіцай. Сярод сяброў Таварыства Ісуса, што з'язджаліся
сюды з усяго свету, было шмат выдатных навукоўцаў, педагогаў,
мастакоў і літаратараў. Пасаду прафесара тэалогіі і архітэктуры ў
калегіуме займаў таленавіты італьянскі прапаведнік, жывапісец і дойлід
Каятан Анджыяліні. Полацкім студэнтам чытаў лекцыі доктар
Сарбонскага ўніверсітэта, паліглот, гісторык і археолаг Дзід'е Рышардо.
Выкладчыкам калегіума, а затым і генералам ордэна быў славенец
Габрыэль Грубэр, з імем якога звязана абсталяванне астранамічнага,
фізічнага, мінералагічнага ды іншых навучальных кабінетаў, а таксама
стварэнне карціннай галерэі і адчыненага ў 1789 годзе музея. Музей меў
мноства мастацкіх вырабаў з каштоўных камянёў, каралу і бурштыну,
унікальныя нумізматычную і археалагічную калекцыі, зброю розных
часоў і народаў, рукапісы старажытных актаў... У карціннай галерэі
знаходзіліся карціны Рубенса, копіі з Рафаэля і Тыцыяна, дзве тысячы
гравюраў, некалькі дзесяткаў выяваў вядомых педагогаў і выпускнікоў
калегіума.
Праграма 1796 года (тады ў калегіуме было 300 студэнтаў) сведчыць,
што ў гэты час тут вывучалі беларускую, расейскую, французскую і
нямецкую мовы, агульную гісторыю, фізічную і палітычную геаграфію,
алгебру, тэарэтычную і практычную механіку і гідраўліку, цывільную і
вайсковую архітэктуру, тэорыю жывапісу, балістыку, піратэхніку і
розныя рамёствы. На філасофскім курсе выкладаліся этыка і псіхалогія,
логіка, анталогія (вучэнне пра быццё), этыялогія (медычная навука аб
прычынах і ўмовах узнікнення хваробаў), касмалогія, астраномія,
эксперыментальная фізіка, оптыка, найвышэйшая матэматыка. У
параўнанні з езуіцкімі школамі навучальныя ўстановы царскай імперыі
былі настолькі прымітыўныя, што расейская знаць, каб даць дзецям
прыстойную адукацыю, часта прывозіла іх у Беларусь.