1772. Першы падзел Рэчы Паспалітай
У другой палове ХVІІІ стагоддзя, за часам імператрыцы Кацярыны ІІ,
феадальная манархія ў Расеі дасягнула найвышэйшай магутнасці,
заснаванай на жорсткай азіяцкай сістэме эксплуатацыі. Сяляне былі
канчаткова запрыгоненыя, іх пачалі называць рабамі. Царыца
забараніла вучыць мужыкоў ды іхных дзяцей грамаце. Раб, паводле
закону, не мог скардзіцца на рабаўладальніка. Расейскія памешчыкі мелі
права высылаць сялянаў у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць,
назаўсёды разлучаючы бацьку з сям'ёй, маці з дзецьмі, мужа з жонкаю.
Жорсткі пераслед цярпелі вернікі-стараабрадцы. Краіну душыла
неабмежаванае самаўладдзе, чый партрэт мужна намаляваў Аляксандар
Радзішчаў: «Чудище ообло, озорно, огромно, стозевно и лаяй». Штогод
тысячы жыхароў імперыі, ратуючыся ад гэтага «чудища», перасяляліся ў
Беларусь. Згодна са звесткамі вядомага расейскага гісторыка
С.Салаўёва, у сярэдзіне стагоддзя царскі ўрад патрабаваў ад сойма Рэчы
Паспалітай вярнуць мільён уцекачоў.
У Рэчы Паспалітай панавалі іншыя дзяржаўныя парадкі. Яна была,
па сутнасці, шляхоцкай рэспублікай; гэта падкрэслівў сам назоў, які
азначаў тое сама, што і лацінскае «res publika» - грамадская справа. Пад
грамадствам, вядома, разумелі шляхту. Яе ў Вялікім Княстве
параўнальна з усім жыхарствам было значна болей, чым у іншых
дзяржавах Эўропы. Адзін шляхціч у Беларусі прыпадаў на шэсць-сем
сялянаў. Пераважная частка шляхты належала да так званай
засцянковай, або шарачковай, што мела герб і права насіць шаблю, але
не мела прыгонных. Пра такога шляхціча Ўладзімір Караткевіч пісаў,
што ён араў сваё поле «высакародна», а гной з хлява на палетак вёз,
уторкнуўшы побач з сахаром дзедаўскую шаблю. Тым не менш кожныя
дванаццаць-пятнаццаць са ста нашых продкаў былі асабіста
незалежныя людзі і маглі вырашаць мясцовыя і дзяржаўныя справы,
засядаючы на павятовых, ваяводскіх і агульнадзяржаўных соймах і
сойміках.
Аднак шляхоцкая дэмакратыя мела і адваротны бок - анархію.
Раней сойм прымаў пастановы бальшынёй галасоў, але з 1652 года
ўступіла ў дзеянне права «liberum veto» (пастанова прымалася толькі ў
выпадку аднадушнага галасавання). У выніку ў 1652-1764 гадах былі
сарваныя сорак чатыры соймы з васьмідзесяці. Калі разгаралася спрэчка
паміж магнацкімі групоўкамі, дэпутаты пускалі ў ход зброю, і некалькі
дзяржаўных мужоў, як правіла, перасяляліся на той свет. Шабельным
звонам часта завяршаліся і павятовыя ды ваяводскія соймікі, якія
прысвойвалі сабе правы заканадаўчай і судовай улады і не лічыліся з
пастановамі агульнадзяржаўнага сойма.
Статут 1588 года, што дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім, быў
непараўнана больш прагрэсіўны, чым законы Расейскай імперыі, ды
выкананню ягоных нормаў замінала феадальнае самавольства. У сваіх