царквы і спяваў там у хоры. Здольнага пабожнага хлапца заўважыў
віленскі мітрапаліт Іпат Пацей. Ён узяў Кунцэвіча ў кляштар
паслушнікам і адправіў яго вучыцца ў Віленскую акадэмію. У 1604 годзе,
калі Язафат скончыў курс навук, мітрапаліт сам пастрыг яго ў манахі.
Неўзабаве ён стаў гераманахам, а потым і архімандрытам Свята-
Траецкага кляштара. Неўзабаве пра Язафата гаварыла ўся Вільня.
Вызначаючыся выключным красамоўствам, ён часта прапаведваў
проста на вуліцах і пляцах, смела заходзіў у хаціны рамеснікаў і ў
магнацкія палацы. Ворагі далі яму мянушку «душахват» - лавец душаў.
За заслугі перад грэцка-каталіцкаю царквою, ва ўлонне якой ён перавёў
з праваслаўя тысячы віленчукоў, Кунцэвіч быў узведзены ў біскупскі сан.
У першы прыезд палачане сустрэлі вуніяцкага архігерэя святочным
ходам з абразамі, царкоўнымі і цэхавымі харугвамі. Вернікі ведалі і пра
біскупава ўменне пераканаць сама ўпартага, і пра тое, што гэты яшчэ
малады, высокі і танклявы чалавек з вострым поглядам носіць пад
адзеннем цяжкія вярыгі і выпрабоўвае свой дух і цела доўгімі пастамі і
самабізаваннем.
Зрабіўшыся ў 1618 годзе полацкім арцыбіскупам, Язафат атрымаў
ад вялікага князя і мітрапаліта права на падначаленне сабе ўсіх
праваслаўных манастыроў і храмаў у Полацку, Віцебску, Магілеве і
Воршы. Факты кажуць, што ўладыку, на жаль, не хапала цярпення. Не
шкадуючы сябе, гэты чалавек не шкадаваў і іншых. Прыспешваючы
падзеі, ён пераступіў небяспечную мяжу, за якой пачыналася
жорсткасць. У барацьбе з непакорлівымі ён зачыняў храмы, пазбаўляў
сану і караў святароў. Кунцэвічу супрацьстаялі аб'яднаныя ў брацтвы
праваслаўныя месцічы, якіх падтрымлівала яшчэ шматлікая
праваслаўная шляхта.
Язафат Кунцэвіч быў сынам і ахвяраю свайго нялітасцівага часу.
Шукаючы падтрымкі, ён звярнуўся да канцлера Вялікага Княства
Літоўскага Льва Сапегі. Той, хоць і належаў да прыхільнікаў ідэі Вуніі,
адказаў вельмі суровым лістом: «Кажаце, што вы вольны тапіць
невуніятаў і секчы ім галовы... Не, не так трэба абыходзіцца з імі, бо
Евангелле боскае сурова ўнушае ўсім мсціўцам, у тым ліку і вам: «мне
отмщение и аз воздам». Канцлеравы словы сталіся прарочымі.
У 1620 годзе праз Рэч Паспалітую вяртаўся з Масквы
канстантынопальскі патрыярх. На ўжо занятыя вуніятамі епархіі ён
паставіў праваслаўных архігерэяў. Прызначаны архіепіскапам полацкім
Мялет Сматрыцкі паводзіўся не надта разумна. Прыбыўшы ў Віцебск, ён
абвясціў, што адлучае Кунцэвіча ад царквы, і разаслаў па епархіі
адпаведныя граматы. Такая чыннасць не дала ніякага плёну, апрача
распальвання і без таго гарачых жарсцяў.
Увосень 1623 года Кунцэвіч прыехаў у Віцебск, каб угамаваць
развярэджанае Сматрыцкім места. Гэта было яго апошняе падарожжа.