Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе Смаленск, вялікі
князь Васіль ІІІ забраў крыж з кафедральнага Ўспенскага сабора ў
Маскву. У час Полацкай (Лівонскай) вайны Іван Жахлівы, просячы ў неба
перамогі або замольваючы грахі пасля ўчыненай у Полацку на ягоны
загад разні, загадаў вярнуць святыню на ранейшае месца.
Пасля таго як вялікі князь Сцяпан Батура аддаў храм Спаса ордэну
езуітаў, палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што ад канца ХVІ
стагоддзя быў вуніяцкім. У 1812 годзе, калі Полацак на колькі месяцаў
трапіў у рукі да французаў, манахі-базыляне замуравалі рэліквію ў нішы
сабора. У дзень святой Еўфрасінні ў 1841-м хросны ход перанёс крыж з
Сафіі ў Спасаўскую царкву.
За савецкім часам рэліквію рэквізавалі бальшавікі. Адмысловая
экспедыцыя, наладжаная дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея
Вацлавам Ластоўскім, знайшла крыж у полацкім фінаддзеле і перавезла
ў Менск. У 1929 годзе ён трапіў у Магілеў, дзе спачатку знаходзіўся ў
музейнай экспазіцыі, а потым у пакоі-сейфе ў будынку абкама партыі,
адкуль знік у 1941 годзе. У складзеным пасля вызвалення горада акце
кошт крыжа ацэньваўся ў 6 мільёнаў рублёў.
Версія, паводле якой крыж выкралі нямецкія захопнікі, гучыць
непераканаўча: Магілеў знаходзіўся далёка ад дзяржаўнай мяжы, і час
дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў. Найверагодней, што рэліквія
паехала на ўсход. На запыт магілеўскага абласнога музея з Эрмітажа
паведамілі, што адразу па вайне крыж Еўфрасінні Полацкай быў
прададзены на аўкцыёне ў Нью-Ёркскую калекцыю (фундацыю)
мільянераў Морганаў. Пошукамі святыні ў розны час займаліся вучоныя
Адам Мальдзіс і Георгій Штыхаў, журналіст Алесь Лукашук, прадстаўнікі
беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўт Тумаш, Вітаўт Кіпель, Антон
Шукелойц, а таксама некаторыя авантурысты. У 1990 годзе на
афіцыйны запыт Міністэрства замежных спраў Беларусі з фундацыі
Морганаў прыйшоў адказ, што там крыжа няма. Аднак, як вынікае з
прысланага дакумента, у гэтага клана мільянераў ёсць прыватныя
зборы, за якія адміністрацыя не адказвае.
Апошнім часам да пошукаў нашай нацыянальнай святыні,
зарэгістраваўшы яе пад нумарам 34-1130, далучыўся Інтэрпол.
Уладзімір АРЛОЎ
Каля 1186. Створана «Слова пра паход Ігаравы»
Створанае восем стагоддзяў таму «Слова» заслужана называюць
перлінаю славянскай паэзіі. Гэтая натхнёная песня - палымяны пратэст
супроць княскіх усобіц і заклік да яднання перад пагрозаю нашэсця
ўсходніх качэўнікаў - знаходзіцца ля вытокаў беларускай, украінскай і
расейскай літаратур.