дрэва закрываў дваццаць адзін залаты пласток з каштоўнымі камянямі,
арнаментамі і дваццаццю эмалевымі абразкамі, якія нічым не
саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям.
На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста,
Багародзіцы і Іаана Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання -
чацвёра евангелістаў: Ян, Лукаш, Марк і Мацвей, на канцах - архангелы
Гаўрыла і Міхаіл. Унізе - патроны (нябесныя апекуны) замоўцы і яе
бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георг і Сафія. На адгорце
размешчаны выявы айцоў царквы Іаана Залатаслова, Васіля Вялікага,
Рыгора Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стэфана,
Зміцера і Панцялеймана. Над кожным абразком часткова грэцкімі,
часткова славянскімі літарамі зроблены надпіс.
Усярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах
знаходзіліся рэліквіі: кавалачак крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай
крыві, аскепак каменя ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых
Стэфана і Панцялеймана ды кроў святога Зміцера. З бакоў Богша абклаў
дрэва дваццаццю срэбнымі з пазалотай пласткамі, а брыжы пярэдняга
бока абвёў шнурком жомчугу.
Крыж Еўфрасінні - яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства.
Кароткі дробны надпіс каля мошчаў святога Панцялеймана паведамляе
імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному
Богъши, съделавъшему крьстъ сии цръкви святаго Спаса о Офросиньи».
На пазалочаных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі
звесткамі. У перакладзе на сучасную мову ён гучыць так: «У лета 6669
(1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве
святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і
камяні і перлы на 100 грыўняў, а да... (пропуск) 40 грыўняў. І хай не
выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не
паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы
крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой
жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля
Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або
князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім
гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж,
здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі»...
У першай частцы тэксту паведамляецца кошт дарагіх металаў і
камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў - мабыць,
атрыманая Богшам плата. Гэта вялікія па тым часе грошы: прыкладна
столькі плацілі за 8000 локцяў (4000 метраў) драўлянай маставой або за
паўтары сотні лісіных шкураў. Лазар быў заможны і асабіста свабодны
чалавек. Магчыма, што Богша - яго другое імя, скарочаная форма ад
Багуслаў.
Страх перад Божаю караю, што абяцаў змешчаны на крыжы
заклён, быў не ўсемагутны. Пры канцы ХІІ стагоддзя рэліквію вывезлі з